Падобных да Філарэта і Луканіна поглядаў прытрымліваюцца занадта многія людзі што зь левага, што з правага палітычнага флянгаў, якія і абвяшчаюць адным з цэнтральных элемэнтаў сваёй сацыяльнай дактрыны выведзены Ісаяй Бэрлінам панятак "пазытыўная свабода", то бок "свабода дзеля" замест "нэгатыўнай свабоды" - "свабоды ад" [3]. Украінскія "сацыял-нацыяналісты" нават назвалі сваю партыю Ўсеўкраінскім аб'яднаньнем "Свабода".
Па думцы гэтых людзей сапраўдная свабода носіць характар, так бы мовіць, не вызваленчы, а валявы. Прымяняльна да грамадзтва свабода ў іх разуменьні гэта ня столькі зьняцьцё абмежаваньняў, колькі пэўны стваральны імпульс, пэўны вэктар скіраванай волі, які павінен падхапляць членаў грамадзтва гэтаксама, як магнітнае поле падхапляе жалезныя апілкі.
Гэтую лёгіку таксама бярэ на ўзбраеньне любая таталітарная ідэалёгія: рэдка хто наважаецца выступаць супраць слова "свабода" і адкрыта называць сваіх суграмадзянаў, чые сымпатыі маецца заваяваць, няздольнымі прымаць самастойныя рашэньні і ад таго абавязаных аддаць гэты прывілей аўтарытарнаму рэжыму. Таталітарныя ідэалёгіі называюць сябе абаронцамі "свабоды", але пад ёю яны разумеюць абавязак членаў грамадзтва быць вінцікамі ў скіраванай на дасягненьне высокіх ідэалаў дзяржаўнай машыне і праяўляць адданасьць калектыўнай ці проста нейкай вышэйшай волі, як быццам бы ўвасобленай у мудрым водцы і ягонай партыі. Таталітарная "свабода" - гэта "ўсьвядомленая неабходнасьць" сьледваць лініі партыі. Людзі маюць "свабоду" гэтай лініі сьледваць, але ня маюць свабоды гэтага не рабіць.
Свабода: спачатку "ад", і толькі потым "дзеля"
Між тым, яшчэ Людзьвіг фон Мізэс усваім трактаце "Чалавечая дзейнасьць" (Human Action: A Treatise on Economics) падрабязна растлумачыў, што грамадзтва не зьяўляецца цэлым арганізмам; грамадзтва - гэта сума тысячаў і мільёнаў людзей, кожны зь якіх мае ўласныя індывідуальныя (а ніяк не "клясавыя" ці "этнічныя") інтарэсы, погляды, лад жыцьця, а галоўнае - уласны індывідуальны розум, каб рабіць ацэнкі і прымаць індывідуальныя, асабістыя рашэньні. Не існуе калектыўнага розуму і калектыўнай волі - існуе сума воляў індывідаў.
Таму немагчыма назваць прагрэсіўным той дзяржаўны лад, дзе людзей успрымаюць як аднародны матэрыял і бяздушнае гарматнае мяса дзеля дасягненьня ўтапічных ідэалаў - ці то "сацыяльнай справядлівасьці", ці то "трыюмфа" сваёй расы над іншымі.
Дзяржава мусіць мець прыярытэтам разьвіцьцё і рост чалавека як паўнавартаснай самастойнай асобы, а неабходная перадумова гэтага - выразнае разьдзяленьне прыватнай і публічнай сфэраў і панаваньне ў апошняй менавіта нэгатыўнае свабоды, "свабоды ад" вонкавых абмежаваньняў. Дзеля чаго сваю свабоду скарыстаць - няхай індывіды разьбяруцца самі ў меру ўласнай сапсаванасьці і пад уласную адказнасьць.
Калі разважаць прагматычна, нэгатыўная свабода безумоўна зьяўляецца першаснай адносна пазытыўнай, і на грамадзкім узроўні менавіта нэгатыўная свабода павінна абараняцца законам і грамадзкім ладам. "Свабода для" немагчымая без свабоды нэгатыўнай, "свабоды ад". Спачатку чалавек мусіць вызваліцца ад навязанае чужое волі і здабыць магчымаць самастойна вырашаць, і толькі потым усьведаміць наяўнасьць свабоды як магчымасьць стварыць нешта велічнае. Гэта элемэнтарная лёгіка, якую немагчыма скасаваць і схаваць за валюнтарысцкім патасам.
Так, паўнавартасная нэгатыўная свабода - гэта магчымасьць у тым ліку жыць нерацыянальна і шкодна для сябе самога, гэта свабода ў тым ліку і на грэх, і на памылкі. Свабода - гэта магчымасьць самастойна рабіць выбар, якая па вызначэньні разумее пад сабою магчымасьць выбару на карысьць няправільнага і дрэннага. На жаль, іначай гэта ўжо не была бы свабода. Выхавальная роля дзяржавы тут палягае выключна ў пакараньні за гвалт супраць іншых людзей - крадзеж, падман, забойства і гэтак далей. Ува ўсім астатнім чалавек, што сьвядома зрабіў дрэнны выбар (напрыклад, на карысьць ужываньня наркотыкаў), пакарае сябе сам.
Магчымасьць зрабіць няправільны, немаральны і нерацыянальны выбар не азначае заахвочваньне такога выбару і сацыяльную кампэнсацыю ў выніку шкоды ад уласнага няправільнага выбару. Як сказаў Чэстэртан, "To have a right to do a thing is not at all the same as to be right in doing it" [3]. Наадварот, наяўнасьць выбару паміж правільным і няправільным робіць выбар на карысьць правільнага больш каштоўным. Нельга назваць філянтропам чалавека, які дапамагае бедным не добраахвотна, а пад прымусам. Нельга назваць маральным таго, хто не займаецца амаральнасьцю толькі з-за яе забароненасьці. Нельга назваць героем, а не ахвяраю, таго, хто кідаецца на варожую амбразуру толькі пад страхам атрымаць у сьпіну кулю ад "заградотряда".
На што патраціць сваю свабоду
Тым ня меней, паняцьце "пазытыўнай свабоды" робіцца актуальным выключна пры пераходзе з грамадзкага ўзроўню на індывідуальны. Нельга навязаць кожнаму чалавеку сэнс жыцьця і волю да чагосьці, чаго ён не прыняў бы сам. Пазытыўная свабода - гэта якраз тая матэрыя, асэнсаваньне і ўспрыяцьце якой вымагае выключна актыўнасьці самога чалавека і якую грамадзтва пры ўсім жаданьні ня здольнае яму даць.
Пытаньне пазытыўнай свабоды, свабоды як катэгорыі волі - гэта пытаньне выкарыстаньня індывідам дадзенай яму нэгатыўнай свабоды.
Свабода дазваляе зрабіць памылку альбо зьдзейсьніць геніяльны крок, прыйсьці да няўдачы ці да росквіту. Свабода - гэта сасуд, які чалавек павінен напоўніць зьместам, і якім зьместам - ніхто ня дасьць адказу замест яго самога. Навокал рояцца дзясяткі ідэяў і "правільных адказаў", і сярод іх, безумоўна, ёсьць і насамрэч правільныя. Але якія зь іх правільныя і што сканструяваць для сябе з багацьця прапанаванага - толькі сам чалавек можа і павінен вырашаць, гэтаксама як і несьці адказнасьць за наступствы гэтага рашэньня.
Жыцьцё грамадзтва ня можа мець мэты, але жыцьцё чалавека, тваё жыцьцё, ня можа мэты ня мець.
Унутры сябе, у сваім уласным доме ты можаш і павінен быць традыцыяналістам альбо нігілістам, эгаістам ці альтруістам, вэгетарыянцам ці мясаедам. Сваіх уласных дзяцей ты можаш выхоўваць у нядзельнай касьцёльнай школе ці дазваляць ім паліць і піць. Сваю прыватную ўласнасьць ты можаш раздаць бедным, а можаш сядзець чахнуць на скрынях з золатам ці ў сваім прыватным доме, які перашкаджае пабудове патрэбнае грамадзтву лініі мэтрапалітэна. Табе самому і зьбіраць плады сваіх няправільных рашэньняў: калі твае дзеці сап'юцца і на старасьці ты застанесься ў адзіноце; ці калі твая сквапнасьць пакіне цябе без сяброў; ці калі высьветліцца, што Пекла існуе, і за свае грахі пасьля сьмерці ты апынесься менавіта там. На тое ты і надзелены розумам чалавек, каб разважаць, узважаць і прымаць рашэньні - самастойна, бяз дула дзяржаўнага пісталета на патыліцы і без "сацыяльна-адказных" пагромшчыкаў с факеламі пад тваімі вокнамі.
Пагатоў, нават быццам ведаючы "правільны адказ", ты ня можаш прымушаць навакольных таксама схіляцца да гэтага адказу. Уласнае жыцьцё - гэта тваё ўласнае жыцьцё. Грамадзкі лад - гэта "рэч паспалітая", рэч публічная. Выйшаўшы за дзьверы свайго дому, у дачыненьні да іншых людзей годны чалавек можа быць толькі і выключна лібэралам. Здаровае грамадзтва можа быць толькі і выключна лібэральным: тым, дзе выслухаюць меркаваньні тваё і супрацьлеглае твайму, дзе табе дазваляюць быць тым, кім ты хочаш быць.
Ніцшэ пісаў: "Frei nennst du dich? Deinen herrschenden Gedanken will ich hören und nicht, dass du einem Joche entronnen bist. Bist du ein Solcher, der einem Joche entrinnen durfte? Es gibt Manchen, der seinen letzten Werth wegwarf, als er seine Dienstbarkeit wegwarf. Frei wovon? Was schiert das Zarathustra! Hell aber soll mir dein Auge künden: frei wozu?" [4]
Вуснамі Заратустры Ніцшэ казаў не пра грамадзкі лад і не пра прымушэньне людзей да дасягненьня ўзвышаных мэтаў з боку таталітарнай дзяржавы. Ніцшэ прамаўляў пра індывідуальны выбар кожнага чалавека ў ягоным жыцьці, пра тое, дзеля чаго кожны з нас павінен выкарыстоўваць сваю нэгатыўную свабоду. Як піша і славуты псыхоляг Віктар Франкль, у сучасным грамадзтве надта многія людзі пакутуюць у пошуках будзь-якога сэнса іхнага жыцьця, часьцяком абмяжуючы яго бязглуздымі забавамі, матэрыяльнымі асалодамі, пагоняй за грашыма, кар'ерай, новым мабільнікам і крэдытам на аўтамабіль. Не свабода вінаватая ў яе няправільным выкарыстаньні людзьмі. І тое няправільнае выкарыстаньне не нагода нас гэтай свабоды пазбаўляць. Напэўна, гэта і мелі на ўвазе Сяргей Луканін і Філарэт: здаровае грамадзтва - гэта грамадзтва, дзе пры магчымасьці зрабіць выбар паміж правільным і няправільным, людзі збольшага абіраюць правільнае. Толькі вось прымушаць іх да гэтага правільнага было б якраз самай няправільнай рэччу.
Грамадзтва можа і павінна даць табе нэгатыўную свабоду. Пазытыўную свабоду здабываеш ты сам - свабоду ад няпэўнасьці, свабоду ад той самай нэгатыўнай свабоды. Гэтаксама адказ робіцца вызваленьнем ад пытаньня, а выбраная дарога - вызваленьнем ад перакрыжаваньня. Галоўнае, каб ты мог сам даць свой адказ і сам абраць сваю дарогу.
Літаратура:
[1]
[2] "Ніколькі не прыніжаючы чалавечую свабоду, мы хацелі б адзначыць, што імпэратывам паводзінаў карыстальніка Інтэрнэта мусіць быць інтарэс Царквы" ()
[3] У гэтым кантэксьце цікавая наяўнасьць у беларускай мове двух родасных, але ня тоесных паняцьцяў "свабода" і "воля", у чым пры жаданьні можна ўбачыць пэўную аналёгію з ангельскім дуалізмам "freedom" і "liberty"
[4] "Мець права рабіць штосьці яшчэ не азначае, што рабіць гэта - правільна"
[5] "Свабодным ты сябе завеш? Тваёй той думкі не жадаю слухаць, як і таго, што вызваліўся ты ад рабства. Ці ты з такіх, каму дазволена было б пазбавіцца ад рабства? Той-сёй, бывае, адкідае апошнюю сваю каштоўнасьць з вызваленьнем ад свайго прыслужніцтва. Свабодны ад чаго? Якая розьніца Заратустру! Ясна мусіць мне казаць твой позірк: свабодны дзеля чаго?" (з "Так казаў Заратустра")
Алесь Чайчыц