1. Што Вы лічыце самым важным у сваім жыцці?
Канешне сем’я. Гэта самае галоўнае ў жыцьці чалавека. Ніхто цябе не падтрымае так як самыя бліскія людзі, а любоў, падтрымка, лаяльнасьць гэта вельмі істотныя рэчы.
2. Якія асобы аказалі ўплыў на Вашу асобу?
Перадусім бацькі, родныя й каханыя людзі – на характар. На погляды й асабовасьць: Robert Kiyosaki – бізнасовец з ЗША – міліянер, Janusz Korwin-Mikke – польскі палітык – кансэрватыўны ліберал (лібертарыянец), Milton Friedman і Friedrich von Hayek – ляўрэаты прэміі Нобеля па эканоміі (лібертарыанцы), Ludwig von Mises – эканаміст – філозаф, аўтар выдатных кніг пра ідэі лібералізму і Вольнага рынку і Adam Smith – філозаф эканаміст – заснавальнік сучаснай эканамічнай тэорыі. Мабыць многія чакалі, што пачуюць імёны нейкіх вядомых рэпераў, але не, менавіта гэтыя людзі па ўплывалі на маю асобу.
3. Паводле Вікіпедыі акрамя музычнай дзейнасці Вы займаецеся акторскай, прадусарскай, рэжысёрскай, публіцыстычнай... Як усё паспяваеце?
Яшчэ можна ўзгадаць, што пішу кнігу па гаспадарчай тэматыцэ, накіраваную перад усім да моладзі, якая пачынае думаць самастойна, а якой нехапае ведаў пра гаспадарку, самы важкі элемент палітычнага жыцьця чалавека. Гэта так, між словам (усьміхаецца).
Пасьпець з усім насамрэч не так цяжка, галоўнае гэта ўмець добра распаланаваць заняткі. Здымаюсь жа не кожны дзень, пішу артыкулы таксама не штодзень. Галоўнае – графік заняткаў.
3 а.«Ты маеш роўна столькі, колькі хочаш мець. А калі маеш замала, значыць замала хочаш.» Адкуль такі жыццёвы дэвіз? Ці атрымоўваецца жыць згодна з ім?
Пачуў я яго, ад майго сябра, які адначасова быў маім супольнікам у бізнасе якіх семь год таму. Ад таго часу маё жыцьцё зьмянілася на 180 градусаў, у лепшы бок. Лічу гэты дывіз за “залатую формулу” жыцьця. Чалавек павінен зразумець, што літаральна ўсё залежыць ад яго. Усё ў яго руках. Нешта такое як “лёс”, на які многія спасылаюцца, гэта адмазка “лузераў” якія ў жыцьці нічога не дасягнуць. Лёс тут непрычым. Лёс мяне накіраваў на Рэп, але накіраваў бы на Рок, я таксама дасягнуў бы і ў ім посьпех. І так з усім. Калі ў нас нешта не атрымоўваецца трэба сябе запытаць: “Ці я зрабіў насамрэч УСЁ каб гэтага дасягнуць? Ці насамрэч я не мог зрабіць больш, а мне проста не захацелася і я паддаўся?” Людзі павінны зразумець, што ніхто ім не стварае блакад, блакады ствараюць яны самі, у сваёй галаве.
Вось паспрабуйце сьціснуць кулак, наймацней як толькі можаце... Сьціснулі? А зараз сьцісьніце яшчэ мацней. Атрымалася? І яшчэ мацней... Бачыце? Заўжды можна зрабіць больш чым нам здаецца. Трэба толькі знайсьці ў сабе моцы. Трэба толькі моцна, але насамрэч моцна захацець!
У большасьці атрымоўваецца жыць згодна з дэвізам, але ўсё залежыць ад сільнай волі. Часам яе не хапае. Але вініць за гэта трэба толькі сябе.
4. Што Вы лічыце сваім найбольшым дасягненнем?
Тое што ў свае 18 год, я ўжо быў абсалютна самастойны. Тое, што ў свае 25 год, дзякуючы выключна сваёй працы і ўласным амбіцыям магу сабе дазволіць на вельмі дастатняе, прыгожае жыцьцё, на якое могуць сабе дазволіць толькі 10% людзей у нашай краіне. Кожны пра гэта марыць. Няма чаго сароміцца. Варта пра гэта казаць, няхай моладзь мае добрыя прыклады. Трэба мары пераўтвараць у рэальнасьць. З мараў усё пачынаецца.
5. Якія перспектывы бачыце перад сабою?
Я не пляную жыцьця больш чым на пяць год на перад. Я ведаю, што дасягну ўсяго аб чым мару і таму не хвалююся за будучыню. У гэтым мейсцы можна сказаць усё што заўгодна – і так будзе, калі я гэтага захачу. Галоўнае моцна хацець.
6. Таямнічасць асобы Кроў’а – чым абумоўлена?
Усё вельмі проста, таямнічасьць абумоўлена граматна і добра прадуманым PR’ам. А выдумаў гэтую таямнічасьць не я, а вы – журналісты, я проста гэта выкарыстаў (усьміхаецца). Гэта звычайны маркетынг. Але не адразу так было. З пачатку, я таксама думаў пра бясьпеку з увагі на тэматыку маёй творчасьці. А ў сваю чаргу тэматыка гэта абсалютна не маркетынг, як некаторыя могуць падумаць, а шчырыя думкі, якія мы пераказваем слухачам у нашых трэках. Для мяне заўжды роўна ў творчасьці, як і ў жыцьці самым галоўным была – шчырасьць. Вось і прыклад адразу, хто б іншы шчыра прызнаўся, што яго “таямнічасьць” гэта прадуманы маркетынг?! (усьміхаецца). Наша шчырасьць не ўсім падабаецца, таму мы маем не меньш ворагаў, чым прыхільнікаў, бо многія проста не любяць ці не хочуць чуць праўды.
7. Што натхняе на стварэнне новай музыкі?
Вельмі цяжка адказаць адназначна. Літаральна ўсё. Дакладна падзеі ў жыцьці, думкі якія прыходзяць да галавы. Мы хочам дзяліцца сваімі поглядамі са слухачамі. Не ствараем музыкі пад публіку, а дзелімся сваімі думкамі. Маем на гэта права, а слухачы маюць права з імі пагадзіцца, або не пагаджацца. Мы праводзім дыскусыю, выклікаем новыя тэмы якія абмяркоўваюць. Гэта й ёсьць мэта ЧпБ.
8. У якім са сваіх заняткаў адчуваеце сябе больш рэалізаваным?
Справа ў тым, што я не хачу каб мяне ведалі толькі як рэпера, або акцёра, вядучага праграмы на ТВ ці палітыка. Я хачу ўвайсьці да гісторыі як фігура, як чалавек каторы паўліяў на зьмену сьвядомасьці людзей. Да адных мае думкі дойдуць праз Рэп, да іншых праз публікацыі ў газэтах, праз кнігу, праз ролю ў тэатры, фільме і гэтак далей. Таму я рэалізуюся ва ўсіх плынях і ў кожнай роўна адчуваю сябе рэалізаваным. Але гэта толькі пачатак. Я знаходжуся толькі на пачатку сваёй дарогі і цэласна адказаць на гэтае пытаньне змагу толькі перад сьмерцю.
Асабістая дзейнасць
9. Сольны праект Ambasadar KROU. Якая мэта? Чаго не хапала?
Не хапае добрага, якаснага Рэпа пад які б можна было адпачыць у клюбе, патанцаваць. ЧпБ асацыіруецца з сур’ёзнай тэматыкай. Так яно й ёсьць – гэта праект пра актуальныя, цяжкія для грамадзтва тэмы. У сольным праекце я хачу адыйсьці ад гэтай тэматыкі, каб не зацыклівацца, пакінуць яе толькі для Чырвоным па Белым, а зрабіць нешта лёгкае танцавальнае, з гумарам, таксама прыватнае, асабістае, для разважаньня.
10. Сольны альбом. а) Што гэта будзе? б) Дзе слухаць і шукаць? Як будзе адбывацца прэзентацыя альбома? в) Ці плануеце працягваць сольную кар’еру?
а) На сольным альбоме хачу крыху парушыць прыватныя тэмы, распавесьці троху пра прыватныя справы. Будзе шмат гумару, сьцёбных гісторый, адначасова гісторый над якімі варта задумацца, якія парушаць слухача па свайму зьместу. Шмат гітовых, клюбных трэкаў, энэргічнай, дынамічнай, якаснай музыкі. Мне хочацца зрабіць падвойны альбом, або лепш два альбома якія выйдуць адначасова. Адзін будзе моцна танцавальны, у вельмі рознай стылістыцэ, роўна Bounse, Crunk, Dirty South, Ragga, Jazz-Rap, G-Funk, Miami Bass, Drum’n’Bass, Rap-Core і гэтак далей, пераважна для клюбаў, у машыну, на хатнюю імпрэзу, а другі альбом будзе вытрыманы ў вулічынай стылістыцэ: жорстка, саркастычна, праўдзіва, агрэсыўна, больш пра навакольле, не кранаючыся палітыкі.
б) З увагі на тое, што наш апошні альбом ЧпБ – “Крывавы Сакавік” быў адзіным у Беларусі альбомам забароненым для продажы, дагэтуль такое здарылася толькі з альбомам гурта ZET, які дарэчы зараз ужо нармальна прадаецца, пляную альбом выдаць у колькасьці максымальна тысячы асобнікаў, эксклюзыўна абмежаваная колькасьць, скажам для калекцыянераў і адначасова выкласьці яго бесплатна ў інтэрнэт. А слухачы якія спампуюць, праслухаюць кружэлку і яна ім спадабаецца, змогуць дабраахвотна падтрымаць выканаўцу, адудзячыцца за ягоную працу, высылаючы SMS’ы на спецыяльны нумар, або непасрэдна на нейкі E-Gold, PayPal, WebMoney ігд. Кошт такога SMS’у будзе скажам каля 1$. Нам адыходзяць кошты фізычнага выпрадукаваньня кружэлак, за які і так плоціць слухач набываючы альбом, усё-ж улічана ў цэну кружэлкі. Гурт з альбому мае толькі 0,5$ - усё іншае гэта цэна кружэлак, заробак выдаўніцтва якое выпускае альбом, 2/3 – гэта заробак крамы. Таму дасылая SMS’ы ёсьць упэўненасьць што грошы трапяць непасрэдна для выканаўцы і такім чынам ён зможа пракарміцца і адкласьці грошы на наступны альбом. За ўсё трэба плаціць, усё каштуе, шкада што так мала людзей гэта разумее. Вось напрыклад бюджэт нашага апошняга альбома быў у некалькі тысяч даляраў. Інструменталы каштуюць, студыя таксама, зьвядзеньне, міксацыя, мастэрынг, ракляма, кліпы і так далей. Усё вельмі дарагое, а грошы не беруцца з неадкуль. Музыку трэба зарабіць на ўсё гэта, а яшчэ ж трэба з чагосьці жыць, утрымаць сем’ю, накарміць дзяцей. Варта пра гэта падумаць перад тым як нелегальна сьцягнуць альбом з інэту. А з другога боку, бароцца з пірацтвам зараз не мае сэнсу, у часах “Інтэрнэту” гэта проста не магчыма. Трэба шукаць іншых выйсьцяў. Таму лічу такая схема найлепшая. Слухачы легальна маюць магчымасьць спампаваць альбом, не рызыкуючы тым, што гэта будуць грошы выкінутыя на вецер, калі альбом не спадабаецца. А калі спадабаецца – змогуць заплаціць непасрэдна выканаўцы, які дэ-факта атрымае столькі жа сколькі й з нармальнага альбома, а пры гэтым каштуе гэта 1$, а не 5$ даляраў, з якіх 4,5$ і так звычайна ідуць у кішэню пасрэднікам. Я ўжо даўно думаў так зрабіць, а нейкі час таму трапіў на старонку вядомай расейскай клюбнай сьпявачкі Каці Чэхавай, якія выкарыстала таксама гэтую схему.
в) Сольную дзейнасьць, роўна як і дзейнасьць гурта ЧпБ, абавяскова буду працягваць. У галаве шмат розных цікавых несустракальных раней ідэй на творчасьць. Нельга трымаць гэтага ў сабе (усьміхаецца).
11.Чым абумоўлена рознасць у стылях выканання гурта “ЧпБ” і Вашага сольнага праекта (ЧпБ больш жорсткі па гучанню, больш палітычны)?
Уласнымі музычнымі амбіцыямі. Мне хочацца рабіць розную музыку. З прыемнасьцю пасупрацаваў бы з Этно Тріо Троіца, Гуда, ужо дамовіўся з Тав.Маўзэр. Хочацца эксперымэнтаваць.
12.ЧпБ Crew, гэта супольнасьць рэпераў, асобаў якія маюць дачыненне й сябраў Чырвоным па Белым. Раскажыце, калі ласка, крыху падрабязней пра гэтую супольнасць: у чым канкрэтна будзе праяўляцца яе дзейнасць. Што гэта будзе значыць для беларускай рэп-культуры?
Гэта супольнасьць была закладзена на самым пачатку стварэньня гурта ЧпБ, у 2004. У яе склад уваходзілі розныя людзі якія нам дапамагалі, якія хацелі заняцца разьвіцьцём беларускамоўнага Хіп-Хоп’а. Але з-за недахопу часу канкрэтнай арганізацыі з ЧпБ Crew зрабіць не атрымалася. Мы далей падтрымліваем сувязь з гэтымі людзьмі, далей супрацуем па нейкіх супольных справах, але ўжо не называем сябе ЧпБ Crew.
13. Ambasada Music Group – гэта новы, першы незалежны беларускі музычны хіп-хоп лэйбл. Чым зараз займаецца лэйбл? Ці збіраецеся Вы займацца прадусаваннем беларускіх гуртоў пад гэтым лэйблам?
Абавяскова. Без гэтага існаваньне лэйбла проста не мае сэнсу. Канешне не ўсё адразу. Пакуль я станаўлюся на ногі. З пачатку выдаў наш першы афіцыйны альбом “Найлепшае 2004-2005” у супрацы з незалежным выдаўніцтвам VoliaMusic, наступны альбом “Крывавы Сакавік” ужо выдаваў самастойна, дзе лэйбал VoliaMusic заняўся дыстрыбуцыяй. Наступным крокам будзе выдаваньне іншых выканаўцаў. Ужо жаданьне выдаць у мяне альбом задэкляравалі гурт Імператар, рэперы Вожык з ТО Лопата, Young Dogg, парушана гэтая тэма была і з Тав.Маўзэр. Наогул сытуацыя ў Беларусі з музычнымі выдаўніцтвамі вельмі дзіўная. Не магу яе зразумець. Я ў сваім часе супрацаваў з самымі буйнымі Хіп-Хоп лэйблаламі Эўропы. Шмат чаму навучыўся, шмат чаго ўбачыў. Проста іншыя гурты з Беларусі не ведаюць як павінна выглядаць такая супраца з выдаўніцтвам, ім здаецца, што так і трэба, таму і дазваляюць сябе выкарыстоўваць. А з другога боку выйсьця няма, вельмі малая канкурэнцыя, пералічыць лэйблы можна на пальцах адной рукі. На Захадзе лэйблы поўнасьцю забясьпечваюць музыкаў: аплочваюць студыю, кліпы, ракляму ў ТВ, часопісах, PR мэнаджараў. Музыкант займаецца толькі і выключана музыкай. У нас жа як: для прыкладу каб трапіць на той жа WEST Records трэба самаму ўжо мець кліп, без яго цябе проста не возьмуць на лэйбл. А яны ў сваю чаргу, толькі наштампуюць кружэлкі і паставяць іх у Містэрыю Гука, а хочаш у іншыя крамы – трэба самаму гуртам выкупіць свае альбомы, бегаць па іншых музычных крамах і перапрадаваць. Цырк нейкі. Я як распавядаў сябрам на заходніх лэйблах яны думалі я сьцебусь з іх, ржалі што дурныя, верыць не хацелі, а мне было не да сьмеху. У нас нейкі “савковы” менталітэт яшчэ застаўся. Бізнасоўцы хочуць як найменьш укласьці грошаў, а найлепш каб вогуле не ўкладаць, кінуць, падмануць кагосьці, а зарабіць як мага больш. Такая чыста наёб***цкая палітыка. Не разумеюць, што каб зарабіць – трэба інвесьціраваць. Таму я хачу стварыць лэйбл з Эўрапейскімі стандартамі. Няхай нават на пачатку ён проста толькі сам на сябе зарабляе, мне не шкада. Я проста ведаю, што з часам мне гэта акупіцца.
Чырвоным па Белым
14. Як праяўляюцца традыцыі Заходняга Ўзбярэжжа ў рэпе “ЧпБ” ().
Насамрэч гэты былі словы нейкага журналіста, з якімі я не зусім згодны. Канешне ў нашым рэпе ёсьць шмат, мабыць нават большасьць з Заходняга Ўзбярэжжа, але таксама прасочваецца стылістыка Усходу. Гутарка тут канешне пра так званы West Coast, стыль Заходняга Ўзбярэжжа ЗША. Гэта назоў які характэрызуе гучаньне Рэпа якое нарадзілася ў штаце Каліфорнія. Бяспрэчнай калыскай Хіп-Хопа, зьяўляецца Новы Ёрк – East Coast – Усходняе Ўзбярэжжа, і калі там гучаньне рэпа рабілася больш вострым, а рыфмы больш складанымі, на Захадзе трыўмфаваў стыль электро-хоп. Лакальнае гучаньне Захаду было выпадковай стыляў электра-хоп й танцавальны поп. Адным з галоўных персанажаў Захаду, быў і ёсьць безумоўна Dr.Dre, адказны за музыку вядомага гурта NWA, рэпера Snoop-Dogg’a і МС з Дэтройта – Eminema, а таксама рэпер 2Pac.
15. Альбом “Крывавы Сакавік”, што выйшаў у гэтым годзе, паказаў, што падзеі сакавіка 2006 для Вас па-ранейшаму актаульныя. Якое значэнне мелі падзеі Плошчы на Беларусь у агульным і на творчасць гурта “ЧпБ”?
Тут нават не справа творчасьці, а нашай грамадзкай пазіцыі. Для нас кожныя падзеі якія адбываюцца ў Беларусі маюць значэньне. Мы над імі разважаем, спрачаемся, робім высновы і пераказваем гэтыя погляды ў нашых трэках. Мне вельмі спадабалася як нехта з слухачоў назваў ЧпБ – “незалежная, аналітычная радыё-праграма”. Так яно й ёсьць.
15 a. Некаторыя песні “ЧпБ” напісаны на словы беларускіх класікаў. Як прыйшла такая ідэя?
Гэта была даўно, на самым пачатку. Я ніколі не прабаваў сам пісаць вершы, а хацелася рабіць музыку. Вось і карыстаўся з тэкстаў класікаў або знаёмых паэтаў. Няма ў гэтым нейкага глыбокага сэнсу. Канешне я паважаю беларускіх паэтаў мінулых часоў, але галоўным повадам карыстаньня з іх вершаў быў менавіта недахоп сваіх, хоць таксама хацелася зьвярнуць увагу моладзі на паэзію. У Рэпе проста не магчыма выкарыстоўваць чужыя тэксты, бо МС – гэта чалавек які мае за заданьне данасіць свае, уласныя думкі, разважаньні. Тады я толькі пачынаў, ніхто з нас нават не думаў што наш праект зробіцца так папулярным, таму рабілі для сябе, не хвалюючыся пра тое, што нехта гэта скрытыкуе, бо толькі вучымся. На першым альбоме “Актуальная Тэматыка” каля паловы вершаў былі чужыя, на другім – “Вулічныя Байцы” толькі некалькі трэкаў. Кажу альбомы з вялікай нацяжкай, бо нават дэмо іх нельга назваць. Рабілі так, паспрабаваць, пачуць што атрымаецца, на хатнім кампутары ў кампутарны мікрафон з навушнікамі. Залілі ў інтэрнэт – думалі так, паслухае з 30 асобаў. А атрымалася вядома як. На апошнім альбоме, калі мы ўжо сурёзна, з адказнасьцю заняліся творчасьцю – усе тэксты належаць абсалютна нам, таксама і музыка і ўсё іншае.
16. Як Вы бачыце далейшае развіццё праекта ЧпБ? Ці будзе нешта мяняцца?
Пляны ў нас вялікія. Напэўна магу сказаць толькі, што ЧпБ і далей застанецца гуртом які будзе парушаць справы важкія, грамадзкія і актуальныя. Навокал штодзённа адбываецца маса падзей, тэм хапае. Ідэальна ніколі не будзе, нават калі зьменяцца ўлады. Нашае заданьне не так крытыкаваць, як зьвяртаць увагу людзей на пэўныя рэчы, якія адбываюцца побач, на якія не ўсе зьвяртаюць увагу, а якія зьяўляюцца вельмі важкімі для нас як для народа, жыхароў, грамадзян сваёй Бацькаўшчыны.
Грамадская пазіцыя
17. Як лічыце, ці магчыма на Беларусі стварэнне “вулічнай беларускай мовы”, пашырэнне яе ў бытавых сферах? Што для гэтага патрэбна рабіць?
А яна ўжо існуе. Мову ствараюць людзі, а не ўраднікі сваімі “указамі аб мове”.
18. Шмат з вашай дзейнасці накіравана на грамадства, асабліва на маладую яго частку? Чаму? Што Вы хочаце данесці да грамадскасці?
Сам я з невялікага, правінцыяльнага гарадка на Палесьсі ў Беларусі. У сталіцы ці вялікіх гарадах справы выглядаюць яшчэ больш – меньш, у параўнаньні да малых мястэчак. Там жа моладзь дэградуе. Хлопцы і дзяўчаты сьпіваюцца проста жудасна, цьвёрдыя наркотыкі, безсэнсоўныя бойкі, бандытызм. Дзяўчыны робяцца звычайнымі шэльмамі, сьпяць з усімі без разбору. І нічога файнага ў гэтым няма, як можа здавацца, хіба што камусьці прыемна цалавацца з чэлесамі паловы гораду. Сытуацыя катастрафальная. І гэта не таму, што яны кепскія людзі. Шмат сярод іх вумных і таленавітых людзей. Справа ў тым, што яны не ведаюць што з сабою зрабіць. Улады імі не цікавяцца, не даюць магчымасьці разьвіцьця. А навошта?! Дурнямі лягчэй кіраваць. Я не магу на ўсё гэта спакойна глядзець. Мне шкада гэтых маладзёнаў. Я хачу ім дапамагчы, так як магу. Хачу паказаць вартасьці, данесьці свае думкі, па магчымасьці быць для іх прыкладам, паказаць што можна зрабіць са сваім жыцьцём, як дасягнуць посьпеха. Я нават стварыў сваю аўтарскую праграму YoLife! – якую ўжо хутка можна будзе пабачыць на тэлеканале БелСат. Адначасова запрашаю на суполку праграмы ў інтэрнэце - , так як хачу яе рабіць разам з гледачамі. Праграма не будзе музычная як магло б здавацца, а менавіта накіравана да моладзі.У праграме я запрапаную і пакажу, што можна рабіць звычайнаму маладзёну які жыве ў невялічкім горадзе, не мае шмат грошаў, але мае амбіцыі. Пакажу як можна прыемна і з карысьцю для сябе праводзіць вольны час. Пазнаёмлю з цікавымі людзьмі якія дасягнулі посьпеха, таксама з тымі сярод гледачоў, запытаюся як яны гэта зрабілі. Паеду ў іншыя краіны і разам паглядзім як жывуць маладыя людзі ў іншых дзяржавах, што яны робяць у сваім жыцьці. Манатоніі і нуды напэўна не будзе. Будзе дынаміка, энэргія, гумар і цікавыя, карыстныя інфармацыі.
Гэта тое аб чым я марыў. Спадзеюся змагу зрэалізаваць яшчэ іншыя свае ідэі і праекты накіраваныя на справу моладзі.
19. а) Публічная асоба – большая адказнасць? Якой яна павінна быць? б) Музыка па-над палітыкай ці яна павінна быць на варце грамадскіх інтарэсаў?
а) Канешне так. Публічная асоба, гэта аўтарытэт для некаторых людзей, чалавек з якога бяруць прыклад. Трэба быць вельмі адказным, бо на цябе глядзяць людзі і прабуюць табе прыпадобніцца. Гэта агромністая адказнасьць. Трэба паказваць найлепшыя свае вартасьці, быць прыкладам. Канешне гэта вельмі цяжка, перад усім псыхічна, але як у ва ўсім трэба старацца. Што тычыцца непасрэдна мяне, я хачу навучыць людзей шчырасьці, нават калі яна камусьці будзе не падабаецца.
б) А гэта ўжо прыватная справа кожнага выканаўцы, у якую ніхто не мае права ўмешвацца. Музыка настолькі разнастайная, што ў ёй знойдзецца мейсца і для адных, і для другіх. Навошта кідаць усіх у адзін мешок. Мы прыгожыя тым, што розныя. Адныя маюць мэту рабіць музыку якая будзе проста трапляць у вуха, не будзе нахабнай; іншыя робяць такую музыку каб пад яе танцавалі, яшчэ іншыя робіць музыку каб пераказаць свае думкі, заахвоціць да нейкіх дзеянняў, рэакцыі. А каго слухаць, гэта ўжо вольны выбар слухача, ніхто яго не прымушае слухаць тое, што яму не падабаецца.
20. Як Вы ставіцеся да сустрэчы беларускіх рок-музыкаў з намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Праляскоўскім?
Вельмі цяжка адказаць адназначна. Сытуацыя насамрэч вельмі складаная. Але калі справа кранаецца Ўлады нельга ніколі кіравацца эмоцыямі, трэба лёгікай і грунтоўным аналізам. Калі падыходзіць эмацыйна, да самаго факту, дык канешне не прыемна ўсё. Крыху крыўдна. Розныя пытаньні ўзьнікаюць да музыкаў. Чым кіраваліся калі йшлі на сустрэчу, ці паклапаціліся пра калег пытаючыся ці адмена забароны датычыць толькі запрошаных ці агульна ўсіх, ці думалі толькі аб сабе, ці проста выслухалі Праляскоўскага, ці ўсё ж далі нейкія абяцаньні і гэтак далей. Але з другога боку гэтыя людзі на сцэне ўжо каля 20 год. Іх калегі ў Расеі, Украіне, Польшчы ўжо даўно мега-зоркі – калі нашыя зоркі толькі ў пэўных колах слухачоў, калегі жывуць у дабрабыце – нашыя на сярэдне-нізкім узроўні, калегі ў нічым сабе не адмаўляюць – нашыя жывуць ледзь дацягвая да канца месяца, калегі будуюць вялікія катэджы – нашыя наймаюць пакой у інтарнаце, калегі на першых старонках часопісаў, у папулярных праграмах на ТВ – нашыя выключна ў апазіцыйнай прэсе і так можна пералічваць доўга. Той жа Лявон, Ігар, Аляксандр і іншыя насамрэч заслугоўваюць на не меньш чым музыкі ў нашых суседзяў. Мы таксама хочам жыць годна, прыгожа, не хвалявацца чым заўтра накарміць дзіцяці, адкуль узяць грошы на студыю гуказапісу на наступны альбом... Гэта павінна быць зразумелым. Музыка, гэта акрамя ідэйнасьці, таксама і праца. У іншым выпадку, такі музыкант пачне шукаць іншую працу і не зможа ўжо ахвяраваць сябе творчасьці. Ну насамрэч, паветрам жа не пракормішся. Шмат выдатных, таленавітых гуртоў праз гэта распалася. Сухачы павінны гэта ведаць і разумець. Таму чарговы раз тлумачу – набывайце легальныя альбомы, хадзіце на канцэрты – лёс беларускай незалежнай музыкі ў вашых руках. Будзьце адказнымі.
А адыходзячы ад эмоцый і вяртаючыся да лёгікі і аналізу, трэба сабе паставіць пытаньне навошта Ўлады пайшлі на такі крок. Якая яго мэта, бо ў іх дабрадушнасьць спадзяюся вы не верыце. На маю думку мэта – выбіць джокеры з рукава музыкаў. Адцягнуць моладзь ад мітынгаў, на якія яна прыходзіла пераважна каб паслухаць любімых выканаўцаў. Яшчэ больш разсварыць “апазіцыю” і “сьвядомых”. Выканаўцам верылі, паважалі, бо яны былі забаронены, на ўласнай скуры адчувалі дыктатуру, бо тэксты ў песьнях былі актуальнымі, бо ў рэшце яны так як і моладзь змагаліся. А зараз?! Як верыць музыкам якія граюць на адборы да Эўрабачыньня? Ці аглядаючы кліпы Н.Р.М. па БТ ці ОНТ яны далей будуць актуальнымі? Ці далей яны будуць змагарамі выступая ў Палацу Рэспублікі? На маю думку Ўлады хацелі менавіта нэгатыўна настроіць слухачоў да музыкаў. А музыкі проста не заўважылі, што імі нахабна скарысталіся, бо ў нутры перамагла захланнасьць. І зараз, каб не рабіць падарунка Ўладам, мы павінны быць салідарнымі з музыкантамі якіх выкарысталі, а ўсялякія крыўды на іх пакінуць пры сабе. Толькі разам мы пераможам.
21. Што Вы лічыце наконт адмены сацыяльных ільготаў у Беларусі?
Я лібертарыянец, таму вельмі нэгатыўна стаўлюся да ўсіх сацыяльных вымыслаў, у тым ліку розных ільгот. Справа тут у іншым. Ільгот вогуле не павінна быць, ніякіх, але ў сваю чаргу павінны быць зліквідаваныя падаткі поўнасьцю, акрамя скажам пагалоўных 20 доларавых, якія пойдуць выключна на кантрактнае войска, паліцыю і насамрэч мінімальную адміністрацыю. Усё іншае трэба спрыватызаваць, шляхам ліцытацыі як на аўкцыёне, каб канкурэнцыя выклікала абніжэньне цэн і падвышэньне якасьці. Толькі і выключна ў гэтым выпадку тавары і паслугі ў нас будуць вельмі таннымі і адначасова вельімі якаснымі. Людзі проста не разумеюць, што столькі-жа або нават і больш чым зарабляюць, яны аддаюць у рознага кшталту падатках. А ільготы?! Ну няўжо вы верыце ў тое, што мы маем “бесплатнае” навучаньне або тую-ж службу аховы здароўя. Не верце ў цуда. Гэта казка. За ваша навучаньне плоціце вы, або вашыя бацькі ў падатках, таксама як і за мэдычную ахову, за ільготы на квіткі і гэтак далей. Бо на гэта ідуць вашыя падаткі. Інакш кажучы гэтыя 50% ільготы вы ўжо заплацілі ў падатку які вам забралі. Людзі гэтага не адчуваюць, бо з пачатку ваш працадаўца, шэф з вашага заробку адлічыць падатак для дзяржавы, а толькі тое, што ад яго застанецца дае вам у так званай зарплаце. “Бесплатная” служба аховы здароўя каштуе столькі сколькі і платная, толькі да гэтага “бесплатнага” трэба далічыць яшчэ кошты утрыманьня агромністага Міністэрства Здароўя, адміністрацыі, масы ўраднікаў, налогавай, людзей якія зьбіраюць падаткі і масы іншых. Нават не трэба быць матыматыкам каб убачыць на колькі больш насамрэч каштуе гэта – “бесплатна”. Дык няўжо вы думаеце, што дзяржава лепш распарадзіцца вашымі грашыма?! Таму не павінна быць падаткаў, акрамя пагалоўнага двадцаці доларавага, і не патрэбныя будуць ільготы. Людзям не патрэбна міласьціня, яны самі змогуць зарабіць, галоўнае гэта каб дзяржава ім не перашкаджала. Але! І гэта вельмі важна. У гэтай канкрэтнай сытуацыі, калі мала таго што мы плоцім вялізарныя падаткі між іншым на гэтыя ільготы, на навучаньне наша або нашых дзяцей, дык тут нам яшчэ і забяраюць гэтыя ільготы якія мы ўжо аплацілі ў падатку, або прымусова размяркоўваюць у нейкую вёску, тлумачучы тым, што “дзяржава аплочвала наша навучаньне, а зараз час адудзячыцца”. Лухта! Гэта аплочвалі ў сваіх падатках мы, нашыя бацькі, пенсыянеры праз некалькідзесят гадоў сваёй цяжкай працы. Таму тое, што зараз робіць дзяржава гэта звычайны грабёж! А тыя хто гэта выдумаў і робіць – звычайныя злачынцы.
Мабыць усё гэта цяжка зразумець, бо гэта тэма на вельмі доўгую дыскусыю. Калі вас зацікавіла чакайце на маю кнігу, а таксама ўваходзьце на мой блог – krou.livejournal.com – у якім я часта разьмяшчаю свае артыкулы і фэльетоны на гаспадарча – палітычную тэматыку.
22. Што павінны рабіць беларусы, каб нарэшце стаць незалежнымі?
Зьмяніць сьвядомасьць. Але гэта адбываецца на працягу некалькіх пакаленьняў. Пазбаўленьне Лукашэнкі ўлады не вызваліць беларусаў. Гэта канешне вельмі патрэбны крок, але спадзявацца, што адразу ўсё зьменіцца нельга. Усё дасягаецца малымі крокамі. Трэба абрацца ў цярплівасьць і працаваць усім народам на нашу агульную карысьць.