Магчыма, ня будзе перабольшаньнем сказаць, што Аляксандар Лукашэнка - найбольш выбітны палітык у гісторыі Беларусі апошніх дзьвюхсот гадоў. Хаця б таму, што гэта першы беларускі палітык за гэты час, каму даводзіцца кіраваць Беларусьсю як сапраўды незалежнай дзяржавай і хто пры гэтым здольны паўтара дзесяцігодзьдзя пасьпяхова весьці нагэтулькі складаную палітычную гульню ўнутры краіны і ў зьнешняй палітыцы. Зь нізкім узроўнем культуры і адукацыі, з прымітыўнымі манэрамі, гэты чалавек - самародак з народных масаў, чорны геній сучаснай беларускай гісторыі, які насуперак абставінам няспынна выходзіць пераможцам у шахматнай партыі, якую ён вядзе з усім сьветам за сваю ўладу і сваё выжываньне.
Пра гэтага чалавека ўжо пішуцца кнігі і калісьці будзе здымацца кіно: нашымі нашчадкамі ягоная роля ў гісторыі наўрад ці будзе ацэньвацца як станоўчая, але бясспрэчна тое, што мы цяпер жывем у час, які ў падручніках будзе вядомы як Эпоха Лукашэнкі.
Бэнэфіс таленту
У апошні год мы маем магчымасьць назіраць талент А. Лукашэнкі ва ўсёй красе: ва ўмовах пагаршэньня адносінаў з Расеяй распачалася складаная дыпляматычная гульня Лукашэнкі з Крамлём, Эўрапейскім Зьвязам і ЗША. Дзеяньні беларускага дыктатара не выклікаюць сымпатыі - але выклікаюць захапленьне ад назіраньня за майстэрскім прафэсійным спэктаклем аднаго з найбольш таленавітых палітыкаў і інтрыганаў у сучаснай Эўропе.
Зь нязьменным выразам твару, з традыцыйнымі словамі ў бок Расеі пра "адзіны народ" і "славянскае братэрства", Лукашэнка ажыцьцяўляе геапалітычны разварот на Захад. Гэта суправаждаецца бясьсільным гневам пракрамлёўскіх аналітыкаў і недвухсэнсоўнымі сыгналамі з самога Крамля - але ў выніку перамога пакуль усё роўна застаецца за Лукашэнкам, які пры гэтым нават захоўвае высокі аўтарытэт у расейскім грамадзтве. Беларускі валадар выціснуў з Расеі перамогу ў "малочнай вайне", доўга дражніў Крэмль пэрспэктывай прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, скончыўшы ўсё яскравым іх непрызнаньнем. Цяпер поле гульні - а яно, на няшчасьце Расеі, прыпала якраз на гэты час - чарга на старшынства Беларусі ў АДКБ, якая дае Лукашэнку магчымасьць калі не тарпэдаваць, дык як сьлед скампрамэтаваць расейскі фантомны адказ НАТО.
Расеі вельмі складана супрацьстаяць яму. Гэта не Аляксандар Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў супярэчлівай сытуацыі - насамрэч гэта Расея ў дачыненьні да Беларусі, як прынята казаць, "сядзіць на двух крэслах", разрываючыся паміж славянафіліяй і аб'ектыўнымі прагматычнымі інтарэсамі; паміж мроямі пра адраджэньне зьнешніх атрыбутаў звышдзяржаўнасьці і ўсьведамленьнем таго, што аб'ектыўныя інтарэсы вымагаюць перагляду вонкавапалітычнай стратэгіі краіны. Нават калі расейская эліта мае ўсё болей цьвярозы погляд на расейска-беларускія адносіны, грамадзкая думка ў Расеі дагэтуль не гатовая пазбавіцца ілюзіяў пра інтэграцыю і "Саюзную дзяржаву". У выніку ў сучасным расейска-беларускім процістаяньні Крэмль пакуль што наважваецца толькі на кропкавыя ўдары, якія Лукашэнка пакуль што адбівае.
Геній бяз правілаў
Калі абстрагавацца ад маральна-этычнага аспэкту і асабліва ад таго, што полем дзейнасьці гэтага бліскучага палітыка зрабілася менавіта Беларусь, майстэрства Аляксандра Лукашэнкі як актора і маніпулятара здольнае выклікаць захапленьне. За час свайго кіраваньня гэты чалавек праявіў сябе як геніяльны інтуітыўны тактык, здольны трапна адчуваць настроі народных масаў і здольны без найменшых сумневаў і ваганьняў рашуча зьмяняць свае палітычныя лёзунгі ў адпаведнасьці з гэтымі пераменамі.
Дзяржаўная ідэалёгія Лукашэнкі эвалюцыянавала разам з усім беларускім грамадзтвам ад постсавецкага сацыялістычна-панславянскага інтэграцыянізму ў сярэдзіне 90-х да непасьлядоўнага, нязграбнага, але ўсё ж такі ўсьведамленьня каштоўнасьці незалежнасьці і рынкавай эканомікі ў другой палове 2000-х. Калі б заўтра беларускае грамадзтва раптам зрабілася беларускамоўным і бел-чырвона-белым, Лукашэнка ўспрыняў б тыя каштоўнасьці раней за ўсіх - узгадваюцца пачутыя ад яго па тэлевізіі некалькі гадоў таму, але чамусьці нікім не заўважаныя, асьцярожныя словы пра нацыянальную сымболіку - маўляў, народ да вяртаньня бел-чырвона-белага сьцяга яшчэ не гатовы, можам вярнуцца да гэтага пытаньня калісьці потым.
Такі ж самы лёс, як і ў ідэалёгіі, нязьменна маюць заключаныя з Лукашэнкам дамоўленасьці - так было з апазыцыйна настроеным Вярхоўным Саветам увосень 1996 года, так было з Расеяй цягам апошніх 15 гадоў.
Аляксандар Лукашэнка - чалавек, цалкам пазбаўлены пакутаў сумленьня, комплексаў і ваганьняў адносна ўласнай вонкавай пасьлядоўнасьці. Ён мае натуральны імунітэт ад сумневаў і пачуцьця супярэчнасьці самому сабе, ён трымае алімпійскі спакой там, дзе ў іншых даўно б дрыгнула рука. Немагчыма не дзівіцца таму, як гэты на першы погляд імпульсіўны аўтарытарны лідар праводзіць бездакорна халаднакроўную, беспрынцыпную, прагматычную палітыку, скіраваную на захаваньне сваёй абсалютнай улады ў Беларусі.
Дагэтуль непераможаны
Беларуская дэмакратычная апазыцыя з 1996 года безнадзейна прайграе Аляксандру Лукашэнку барацьбу за ўладу. На сёньняшні момант яна амаль канчаткова зьнішчаная як палітычная сіла і практычна прыняла своеасаблівую форму масавага дысыдэнцкага руху, з папраўкай на сучасныя камунікацыйныя тэхналёгіі і адносную мяккасьць палітычнага рэжыму ў параўнаньні з СССР. Прычыны паразы апазыцыі бачацца ня ў нейкай яе асаблівай няўдаласьці, а ў асабістых якасьцях Лукашэнкі, ягонай занадта яскравай здольнасьці да бескампраміснай палітычнай барацьбы без увагі на агульнапрынятыя нормы і правілы. Калі б чалавек ягонага кшталту апынуўся прэзыдэнтам Украіны, Летувы ці Латвіі, мясцовыя палітычныя эліты таксама наўрад ці змаглі б яму процістаяць. Насамрэч, гэта немалы гонар для нашай апазыцыі мець сваім праціўнікам нагэтулькі магутнага палітычнага дзеяча і выжываць у барацьбе зь ім. Лукашэнка - ня Паксас і ня Кучма.
Як атрымлівалася перамагаць дэмакратычную апазыцыю ўнутры краіны, гэтаксама ў Лукашэнкі атрымлівалася маніпуляваць Расеяй, ціснучы на самы балючы славянска-імпэрскі мазоль расейскага кіраўніцтва. Калі не апраўдаліся надзеі на крамлёўскі трон, Лукашэнка задаволіўся шматгадовай і шматмільённай расейскай эканамічнай падтрымкай, беспрэцэдэнтнай, напэўна, нават для Савецкага Саюзу, які ў свой час фундаваў пракамуністычныя рэжымы па ўсёй плянэце.
Адносіны з Захадам у 90-я гады былі адкінутыя як незапатрабаваныя: Расея давала дастаткова рэсурсаў, каб забясьпечыць адсутнасьць неабходнасьці будаваць стасункі з ЭЗ і ЗША. Зь іншага боку, сваёй непрыступнасьцю Лукашэнка толькі падвышаў сваю каштоўнасьць у вачох таго ж Захаду, пакуль расчараваны бясплённасьцю папярэдняе палітыкі Эўрапейскі Зьвяз так і не капітуляваў у вайне нэрваў зь беларускім рэжымам, пагадзіўшыся мець справы зь Менскам такім, які ёсьць. На чарзе капітуляцыя абамаўскай адміністрацыі ў ЗША. Рэальных дэмакратычных зьменаў у Беларусі Захаду ад Лукашэнкі дабіцца так і не атрымалася.
Такім чынам, ня маючы сапраўдных хаўрусьнікаў, Лукашэнка пятнаццаць гадоў трыюмфуе па ўсіх франтох: заходнім, усходнім і ўнутрыпалітычным. Пры зразумелых адносінах да гэтага факту, міжволі нельга не пляскаць у далоні: ніводзін іншы палітык у Эўропе на такое ня быў бы здольны. Акрамя наяўнасьці ягоных выбітных асабістых якасьцяў, Лукашэнку шанцуе, часам па-д'ябальску шанцуе, як у 2001 годзе, калі сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары прайшлі за два дні да атакі 11 верасьня, якая, мякка кажучы, адцягнула ўвагу замежнай грамадзкасьці ад фальсыфікацыяў. Колькі разоў лукашэнкаўскай Беларусі прадракалі эканамічны крах, а самому Лукашэнку - імклівае падзеньне, і ніводзін прагноз так і ня спраўдзіўся. Пытаньне, наколькі яму і надалей будзе гэтаксама шанцаваць, наколькі хопіць ягонага інтрыгоўнага таленту і наколькі атачэньне беларускага валадара, далёка не такое таленавітае і чые інтарэсы не заўжды супадаюць з інтарэсамі самога Лукашэнкі, перашкодзіць альбо дапаможа яму. Так ці інакш, Беларусь перажывае цікавы і ўнікальны этап у сваёй гісторыі. Шкада толькі, што гэта чарговы цёмны яе этап.
Алесь Чайчыц
Комментарии
Вельмі цікавы артыкул. Ну,
Вельмі цікавы артыкул. Ну, проста быццам Вы мае думкі адгадалі.
Падаецца, праўда, што тут ляпей казаць ня столькі пра талент альбо геніяльнасьць, колькі пра шалёную прагу да ўлады. Гэтай празе падпарадкавана ўсё чыста, у тым ліку і маральна-этычныя катэгорыі. Сюды трэба, хіба яшчэ дадаць выключную палітычную інтуіцыю, так бы мовіць, палітычны нюх, зь якім Аляксандр Рыгоравіч, мабыць, нарадзіўся і ўдасканаліў і разьвіў яго ў бытнасьць яшчэ партыйным інструктарам.
Дарэчы, я ніколькі не зьдзіўлюся, калі ён аднойчы загаворыць па-беларуску, а можа, нават арганізуе чарговы рэферэндум аб вяртаньні бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні ў якасьці дзяржаўных сымбаляў.
Чую, як нехта гаворыць:"Добра табе тут разважаць, пакуль амапаўцы ня ўрэзалі гумавай дубінкаю паміж лапатак".
І, мабыць, мае рацыю. Мо і я тады стаў бы зацятым апазыцыянэрам.
Праўду казала мая нябожчыца бабуля:"У кожным чыну па сукіным сыну."