Ці будзе справаводства беларускамоўным?

Ещё никто не проголосовал

Як ставяцца да вырашэння моўнага пытання ў дзяржаўных установах краіны Пасля заявы міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі на Пятым з’ездзе беларусаў свету аб тым, што ён зробіць усё магчымае, каб перавесці сваё міністэрства на беларускую мову, адзін з дэлегатаў — гомельскі актывіст Ігар Случак вырашыў яму дапамагчы ў справе беларусізацыі. У звароце, разасланым у некалькі дзесяткаў міністэрстваў і ведамстваў краіны, было прапанавана перавесці справаводства на беларускую мову, а таксама ўжываць яе ў паўсядзённым працоўным жыцці.

За гэты час было атрымана 25 адказаў, пераважная большасць з якіх, дарэчы, на беларускай мове. Рускамоўнымі аказаліся толькі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства гандлю, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Трэба сказаць, што ў асноўным адказы даволі станоўчыя і вытрыманыя. Ёсць нават пазітыўна-эмацыйныя, як, напрыклад, з Міністэрства адукацыі: “Выказваем Вам словы падзякі за клопат наконт карыстання роднай мовай у дзяржаўных установах рэспублікі”. Добра пачынаецца адказ і з Вышэйшай атэстацыйнай камісіі: “Нам імпануе Ваша забеспакоенасць развіццём і ўмацаваннем беларускай культуры і беларускай мовы, у прыватнасці, у нашай паўсядзённай рэчаіснасці”.
Але ёсць і сухія адпіскі кшталту “разгледзелі... паведамляем... немэтазгодна...” . Альбо спробы падмяніць сутнасць пытання: “Закон РБ “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” прадугледжвае права на выкарыстанне рускай мовы...” і г.д. Прыкладна такія адказы прыйшлі з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства гандлю, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства інфармацыі, а таксама з Гомельскага абласнога і гарадскога Саветаў.
У некалькіх выпадках даецца дэталёвае абгрунтаванне, чаму менавіта сёння немажліва перавесці справаводства на беларускую мову: “Перавод справаводства ў органах унутраных спраў на беларускую мову патрабуе значных фінансавых сродкаў на замену штампаў, пячатак, бланкаў друкаванай прадукцыі, выдаткаў на пераклад і выданне на беларускай мове дзеючых пастаноў, загадаў, распараджэнняў, іншай службовай дакументацыі. З улікам таго, што органы ўнутраных спраў у сваёй дзейнасці цесна ўзаемадзейнічаюць з іншымі праваахоўнымі органамі, судамі, органамі ўлады і кіравання, перавод справаводства на беларускую мову толькі ў Міністэрстве ўнутраных спраў без правядзення аналагічнай працы ў сістэме справаводства іншых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, немэтазгодны”. Ці, напрыклад, такім чынам: “Министерство промышленности Республики Беларусь с пониманием относится к идее дальнейшего расширения использования белорусского языка в нашей стране как государственного языка. В то же время мы полагаем, что данный процесс должен иметь постепенный характер и последовательно осуществляться на государственном уровне, например, через соответствующую программу”.
У большасці адказаў прасочваецца нават жаданне прадэманстраваць свае дасягненні ў выкарыстанні беларускай мовы: “Дзеля забеспячэння ўжывання дзвюх моў Міністэрства фінансаў рыхтуе праекты пастаноў Урада па шэрагу пытанняў выключна на беларускай мове. Таксама Міністэрства фінансаў выкарыстоўвае беларускую мову, калі адказвае на лісты грамадзян і арганізацый, якія звярнуліся на беларускай мове”; “...падрыхтоўка органамі дзяржаўнай статыстыкі зводнай статыстычнай інфармацыі ажыццяўляецца як на рускай, так і на беларускай мове. Прыклад таму — работа Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці, якое ўжо на працягу многіх гадоў выпускае штомесячны даклад аб сацыяльна-эканамічным становішчы Гродзенскай вобласці на беларускай мове...”; “...рашэнні Канстытуцыйнага суда публікуюцца ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь” на рускай і беларускай мовах”.
Сустракаюцца і аптымістычныя запэўніванні кшталту “...процесс перехода на белорусский язык в стране, где 81% населения — этнические белорусы, неизбежен”(Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання). Альбо: “Улічваючы ўсё гэта, Белстат працягне паслядоўную работу па распаўсюджванні ў дзейнасці органаў дзяржаўнай статыстыкі беларускай мовы з улікам норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і захавання правоў і свабод грамадзян”.
І ўсё ж, аналізуючы ўсе гэтыя адказы, можна зрабіць выснову, што пакуль праблема “беларусізацыі” сур’ёзна на дзяржаўным узроўні не абмяркоўваецца. Але пры гэтым чынавенства адчувае пэўныя змены ў стаўленні да моўнага і наогул нацыянальнага пытання. Ініцыятывы Паўла Латушкі і магілёўскага губернатара Пятра Рудніка, які вырашыў прапагандаваць выкарыстанне беларускай мовы ў рэгіёне і нават стварыў адмысловую камісію, з’яўляюцца толькі першымі ластаўкамі і ў большай ступені асабістымі. Тым не менш яны знаходзяцца ў русле сённяшніх інтарэсаў і патрэб беларускага рэжыму, таму што, па-першае, гэта будзе вітацца Захадам, па-другое, дапаможа адцягнуць увагу грамадства ад сацыяльна-эканамічных праблем і, па-трэцяе, выб’е адзін з казыроў апазіцыі.
Гэта, аднак, не азначае, што ўжо заўтра ўлада пачне павальную беларусізацыю. Такі працэс хутчэй за ўсё будзе ў большай ступені імітацыйным з асцярожнымі крокамі па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы. Але альтэрнатывы развіццю нацыянальнай культуры і мовы ў сучаснай суверэннай дзяржаве папросту не існуе. І гэта нельга не ўлічваць.

Павел ЛОГІНАЎ

nv-online.info/by/16/300/1791/