28 сакавіка 2008 г. у Вільні ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылося сьвяткаваньне 91-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Яшчэ адна гадавіна разважаньняў і падсумаваньняў над пройдзеным шляхам, растаптанае, зьняважанае і ўкрыжаванае дзяржавы.
25 сакавіка было абвешчана аб нараджэньні новай дзяржавы. 25 сакавіка Анёл Габрыэль засьведчыў аб прыходзе на грэшную зямлю Божага Сына, таго, хто быў растаптаны, зьняважаны і укрыжаваны. А пасьля цераз цярністы шлях Божы Сын адрадзіўся да новага, слаўнага і велічнага жыцьця. І гэтыя паралелі часта наводзяць на думку аб адраджэньні нашае сьвятое Бацькаўшчыны. А пакуль Краіна 25 сакавіка ў ХХІ стагоддзі застаецца ў душах і сэрцах сваіх грамадзянаў і чакае свайго ўваскрашэньня.
У гэтае найвялікшае і радаснае нацыянальнае сьвята кожан раз са смуткам і болем даводзіцца канстатаваць, што Беларусь так і застаецца паняволенай дзяржавай: нішчыцца яе архаічная мова, культура, традыцыі, памяць, зьняважаецца ўсё, што беларускае. І гэтае ўсё робіцца пад маўклівую згоду саміх беларусаў, з памяці большасць якіх ужо выцертны дзеі мінулага і галасы сваёй зямлі і заглушаны акупацыйнымі. Таму большасьць ведае герояў не свае зямлі і ганарыцца чужымі, моліцца не сваім багам. Віры ХХ стагоддзя вельмі балюча прайшліся па Беларусі, якую практычна зруйнавалі дашчэнту. І яна павінна была б паўставаць з гэтых развалін, але ўкрыжаваны лёс працягваецца.
Але той 25 сакавік перамагае. Аб ім ужо ведаюць. І ён стаў не толькі сьвятам беларускае эміграцыі, але вядомы і шырока адзначаецца і ў самой Бацькаўшчыне. І сёньня большасць сходзіцца на той думцы, што без Беларускай Народнай Рэспублікі не было б і сёняшняй Беларусі. Тады, бальшавікі пайшлі на стварэньне БССР толькі таму, каб схіліць беларусаў на свой бок, прынамсі, іх раскалоць і не даць магчымасьці беларусам аб’яднацца вакол БНР. Так было тады, так ёсць сёньня...
Пасьля выкананья нацянальнага гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, старшыня ТБК Хведар Нюнька зачытаў зварот Прэзыдэнта БНР Івонкі Сурвіллы да Беларускага народу.
На імпрэзе ў Таварыстве было шмат гасьцей, як з Літвы, так і з Беларусі. Ва ўсіх выступоўцаў гучалі словы занепакоенасьці сёняшняй сітуацыяй і надзеі на адраджэньне Беларусі і вяртаньне яе да нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў.
Краіна згубленых мараў і ў той час краіна вялікай Надзеі – такой выглядае наша Сьвятая Бацькаўшчына.
Аб лёсе малавядомага беларускага каталіцкага сьвятара і паэта Казіміра Сваяка (кс. Кастуся Стэповіча) распавяла спадарыня Натальля Мяшкова. Ён быў адным з тых, хто спрычыніўся да Акта 25 сакавіка 1918 г. Так, ён не прымаў у гэтым непасрэднага ўдзелу, але быў адным са стваральнікаў нацыянальнай ідэі беларусаў, за што шмат цярпеў ад польскага каталіцкага духавенства. Да канца сваіх дзён заставаўся верным сваім ідэалам і верыў у адраджэньне Беларусі. Ён спачывае ў Вільні на Росах разам са сваім братам Альбінам Стэповічам і шматлікімі беларусамі-віленчукамі, што пакінулі свой сьлед у гісторыі нашага народа. Ідзе вось ясная пара / Правіду свеціць нам зара / Айчына, мацi Беларусь, Гарой жыва! Радкі зь яго верша, якія сталі эпітафіяй на ягоным надмагільным помніку.
На 10 гадавіну яго сьмерці паэт Міхась Машара напісаў верш, у якім не толькі словы ўдзячнасьці падзякі калегу і беларусу, але асэнсаваньне і ацэнка жыцьцёвага шляху Казіміра Сваяка:
Я прыйшоў табе пакланiцца,
Рана змоўклы, наш слаўны паэт.
Ад ваколiцаў роднай зямлiцы
Прынашу табе цiхi прывет.
Хоць ты змоўк i хоць лiра разьбiта,
I хоць новыя страты баляць –
Над краiнай туманам спавiтай
Тваiх песьняў акорды зьвiняць.
Прыйдзе час і гэтае імя зойме належнае месца ў айчыннай гісторыі.
На сьвяткаваньне быў запрошаны Аляксандр Казулін, які падзяліўся сваімі думкамі адносна далейшага шляху Беларусі. Яго вельмі непакоіць тое, што адбываецца сёньня. Перадусім – паводзіны Эўропы да Лукашэнкі. Сёньня, калі ёсьць палітычныя вязьні, калі зьбіваюць дэманстрантаў, калі забараняюць беларусам адзначаць свае нацыянальныя сьвяты, Эўропа не толькі маўчыць, але спрабуе легалізаваць гэты рэжым. Яна вядзе зь ім перамовы на фоне зьбіцьця моладзёвых актывістаў, часова прыпыняе санкцыі супраць чыноўнікаў і вось вось і запросіць Лукашэнку на самміт у Прагу (так яно і атрымалася – аўт.). Наперадзе ідзе прагматызм і інтарэсы бізнэс-класа – так адзначыў прамоўца. Перамагае не розум, а прагматызм. І праблема, відаць, не ў Лукашэнку, а ў той сістэме, якую ён стварыў – у лукашызме.
І Эўропа сёньня яе прымае. І прыезд Лукашэнкі ў Прагу, гэта не вырываньне яго з абдымкаў Расеі, а легалізацыя. І атрымліваецца, што за тыя 15 год дыктатуры, за зьніклых людзей, за зьбітых дэманстрантаў і вязьняў сумленьня ніхто не адкажа і на гэта закрыюць вочы. Спадар Аляксандр вельмі шкадаваў, што ў сёняшнім сьвеце замест сэрца і пачуцьцяў перамагае прагматызм. І прычыны сёняшняга крызісу не эканамічныя. Яны ў дэмаралізацыі грамадзтва, разбурэньні сямейных, сяброўскіх адносінаў, калі ўсё вымяраецца грашыма, а не духоўнасьцю. Спадара А. Казуліна вельмі непакоіць яшчэ і той факт, што беларуская апазіцыя ніяк не можа аб'яднацца і сесьці за стол перамоў, бо сёньня толькі разам можна перамагчы дыктатуру, адкінуць усе свае „я“ і амбіцыі і рабіць агульную справу на карысьць Беларусі.
Аб адным з нацыянальных рамантыкаў і аб пошуку сваёй ідэнтычнасьці ў ХІХ ст. на прыкладзе Станіслава Манюшкі распавёў А. Фралоў. Чалавека ХІХ ст. цікавіла, а хто ён. І там пачынаўся пошук сябе і разуменьня сваёй тутэйшасьці. У Вільні ёсьць мемарыяльная шыльда ў гонар С. Манюшкі як польскага кампазітара. І вось, як зазначыў прамоўца, побач з ёй трэба і такую, што ён і беларускі кампазітар. І гэта зусім не азначае, што яго трэба адбіраць у палякаў, ці перайначваць гісторыю. Проста – ён яшчэ і беларускі кампазітар. Манюшка яшчэ да канца не знайшоў сябе, і ня гледзячы на тое, што вельмі шмат зрабіў для польскай музыкі, шмат зрабіў і для беларускай, якая гучыць у яго матывах. Аб чым яшчэ адзначаў Рыгор Шырма, што слухаючы Манюшку, ён чуе галасы Мішчыны і Случчыны (адкуль быў родам кампазітар).
Лідэр Маладога Фронту З.Дашкевіч распавёў аб дзейнасьці гэтага моладзёвага аб'яднаньня. Таксама і ў яго гучалі думкі занепакоенасьці склаўшайся сітуацыяй, аб тым што апазіцыя раз'яднаная і, магчыма, прышоў час ёй зыйсьці ў адстаўку. Зусім не шмат засталося сярод іх лідэраў, якім можна давяраць.
Спадар Р. Вайніцкі (кіраўнік клюбу „Сябрына“), які родам з м. Вішнева і быў ахрышчаны знакамітым беларускім ксяндзом У. Чарняўскім, зазначыў аб значнасьці для беларусаў сьвята 25 сакавіка, узгадаў віленскіх беларускіх „зуброў“, якія дапамаглі яму стацца беларусам.
З найвялікшым беларускім нацыянальным сьвятам прысутных павіншаваў першы амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Альфонс Аўгуліс. Ён ,між іншым, зазначыў, што беларусам сёньня трэба аб'яднацца і быць разам. Беларусы і літоўцы жылі заўжды побач, і сёньня часам цяжка адрозьніць, дзе літоўскае, дзе беларускае. Сёньня ня трэба дзяліцца, а быць разам. Трэба памятаць тое месца, дзе ты нарадзіўся і дзе ты жывеш і адносіцца да іх з павагай і любоўю. Суседзяў ,як і бацькоў, не выбіраюць, яны даюцца. І літоўцы шчасьлівыя, што маюць побач такіх суседзяў, як беларусы.
Ад самакіраваньня г. Вільні павіншаваць беларусаў прыехала спадарыня Рэната Лісоўская-Урбановіч. Яна павіншавала са сьвятам і распавяла аб тым, як ідзе праца па стварэньню культурнага цэнтра Я. Коласа ў Павільні. Варта нагадаць, што ТБК і самакіраваньне г. Вільні выступілі заснавальнікамі ўзгаданага цэнтра.
Старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына “ Алена Макоўская выступаючы зазначыла, што сьвята 25 сакавіка неабходна было б пераводзіць з палітычнага кантэкста ў народны і адзначаць яго разам як нацыянальнае сьвята і не праводзіць у гэты час палітычныя акцыі. І вельмі добра, што ў дыяспарах яно адзначаецца як найвялікшае беларускае сьвята. Вельмі хацелася б, каб гэтак было і ў Беларусі.
Сп. Шыдлоўская распавяла аб падрыхтоўцы да V З’езда беларусаў сьвету і аб тых праблемах, якія сустракаюцца. Вельмі прыкра, што ўлады ўсяляк гэтаму перашкаджаюць. Нават на сёняшні дзень не знойдзена памяшканьне для яго правядзеньня. А вельмі хацелася б, каб ён адбыўся ў Беларусі.
На заканчэньне бард Алесь Камоцкі агучыў свае творы,
а вучаніца другой клясы школы Ф.Скарыны- Ксеня Мілаш парадавала ўсіх беларускімі песьнямі
На дадзены момант адна з самых актуальных праблемаў - гэта індэнтыфікацыя беларусаў, захаваньне іх нацыянальнай саматоеснасьці. Калі ідзе нахабная, і ўжо непрыхаваная русіфікацыя, паўстае вострая праблема выжываньня нацыі. І супрацьстаяць ёй можна толькі разам, толькі аб’яднаўшыся. Гэта асноўная думка, якая гучала ў часе святкаваньня чарговай гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, нацыянальнай дзяржавы беларусаў, абвешчаныя ідэалы якой чакаюць свайго часу...
.jpg)
.jpg)
.jpg)
Алесь Адамковіч