|
|
|
ЦЯЖКІ ЧАС03/13/2009 - 10:58 Клясычнае нацыянальнае адраджэньне, дзе б яно ні было, зьвяртаецца да гісторыі, змагаецца за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы, культуры і дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтак сама разьвіваўся і беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Але ёсьць выключная гістарычная асаблівасьць беларускага змаганьня, якую я назваў бы “беларускай (дакладней, літоўскай) трагедыяй”. Пачалася яна з таго, што ў XVIII ст. супраць вялікай літоўскай цывілізацыі (ВКЛ) і Польшчы аб’ядналася заходняя Эўропа (немцы) і ўсходняя тыранія (Масква). Наша вялікая дзяржава перастала існаваць. Аднак мэта маскоўскага забору была ня проста павелічэньне тэрыторыі, а вынішчэньне нас як народа, разбурэньне культуры, ліквідацыя літоўскай адукацыі, рэлігіі, вытворчасьці, землеўладаньня і сацыяльных вярхоў грамадзтва; наступны этап – русіфікацыя астатняга насельніцтва. Па іхняй задуме, нішто не павінна было нагадваць пра Вялікае Княства, і ніколі ўжо не павінна была паўстаць Літва. Сто гадоў каласальнай вынішчальнай дзейнасьці Масквы мелі вынікі; разбуральнікі прывялі, так бы мовячы, у контурны стан схему гістарычнага зьнішчэньня Літвы. На канец ХІХ стагоддзя была цалкам ліквідавана беларуская школа, асьвета і адукацыя, была цалкам забаронена беларуская (ліцьвінская) мова ў афіцыйным ужытку. Народ страціў сваю рэлігію (Вунію), сваю асьвечаную эліту (набілітэт) і сацыяльныя вярхі, назву краіны і назву сябе. І тады настала ноч. Падкрэсьліваю, “ноч” настала тады, калі людзі забыліся, як называюцца. Жыла вялікая народная культура, традыцыі, у масе сялян і мяшчан гучэлі старажытныя прыўкрасныя песьні, паўсюдна гучэла вялікая прыгожая мова, зямлю насялялі лагодныя сьветлыя людзі, якія ў большасьці не маглі ўжо адказаць на першаснае пытаньне: хто яны ёсьць. Менавалі сябе “тутэйшымі”, “мужыкамі”, “палешукамі”, “каталікамі” і г. д. – гэта быў далейшы шлях у магілу. Беларускае (літоўскае) нацыянальнае адраджэньне, як і ў цэлым у Эўропе, узьнікала на этнічнай аснове. Быў скарыстаны новы кансалідацыйна-этнічны тэрмін “Беларусь”, які напачатку з цяжкасьцю засвойваўся ў цэнтральных і заходніх тэрыторыях ВКЛ, дзе ён раней, практычна, не існаваў, але ўжо на пачатку ХХ стагоддзя новая назва стала ўсеагульнай. Посьпех новай кансалідацыі быў хуткі і выніковы. 9 сакавіка 1918 года было аб’яўлена аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі, а 25 Сакавіка прадэкляравана яе незалежнасьць. БНР, фактычна, прадэкляравала аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ў межах пасьля 1569 года (акрамя былой Жмудзі, якая ў лютым таго ж 1918 года аб’явіла пра стварэньне незалежнай дзяржавы “Літвы”). Для Беларусі адчыніліся выдатныя пэрспэктывы аднаўленьня дзяржаўнасьці і нацыянальнага адраджэньня. Здавалася, яшчэ крок – і здарыцца Боскі цуд, адродзіцца справядлівасьць гісторыі. Што адбылося ў сапраўднасьці – вядома. БНР разарвалі, падзялілі, расчлянілі па частках. Прытым, заўважце, зроблена гэта, як і ў XVIII стагоддзі, -- тымі ж чужымі сіламі, плюс памылковая палітыка толькі што адноўленай Польшчы. Жыцьцё не стаіць на месцы. У 1918 годзе стартавалі вольная Польшча, Беларусь, Летува, Латвія. Нашыя вольныя суседзі пайшлі наперад у сваім нацыянальна-культурным разьвіцьці. Для беларусаў жа час спыніўся на 73 гады, і ня толькі спыніўся – быў адкручаны назад у “тутэйшасьць”, у “мужыкоў” праз вынішчэньне і мільёны ахвяр. Ніхто ня стаў чакаць, пакуль мы ўваскрэсьнем, і кожны з суседзяў патрактаваў нас, нашу “бясхозную” гісторыю і культуру так, як лічыў сабе зручным. Пад бальшавіцка-маскоўскай акупацыяй забаронена было ўсё: і ВКЛ, і Вунія, і БНР, і Адраджэньне. Нават словы гэтыя былі забароненыя і лічыліся “ілжывымі” буржуазно-националистическими терминами”. Зь ліпеня 1994 года – унутраная акупацыя ўлады ў Беларусі (пры падтрымцы Расеі) прамаскоўскімі сіламі, антынацыянальная палітыка, антыбеларускі рэжым, аўтарытарная дыктатура. Зноў вынішчэньне ўсяго беларускага, зноў ліквідацыя беларускіх школаў, сымвалаў, фальсіфікацыя гісторыі, задушэньне мовы. Зноў спынены і страчаны час нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Прытым Беларусь ня тое што спынілі на мэнтальным узроўні 1994 года, не -- яе апусьцілі глыбока ў 80-я, у СССР, на ўзровень эпохі маразму позьняга Брэжнева. А мы.., дзе мы? Вось што азначае трагедыя страчанага часу, якая сталася трагедыяй Беларусі. Гэты час ня мінецца, відаць, бяссьледна. Мы павінны будзем потым зрабіць захады на будучыню з праекцыяй на пакаленьні, каб ніколі тое, што ёсьць цяпер, не паўтарылася больш у Беларусі. Мы мусім потым зрабіць ня толькі палітычны, але й маральны, метафізічны аналіз зьявы, якая, зрэшты, ня новая ў сьвеце, калі да ўлады прыходзіць цемра, зло, якое ўсьведамляе сябе злом. Прамаскоўскі рэжым на Беларусі ў чарговы раз прадэманстраваў людзям гэтак жа, як некалі антычалавечыя рэжымы ў Нямеччыне і ў Расеі, што адбываецца з грамадзтвам, калі да ўлады прыходзіць цемра, бескультур’е, перыфэрыйнае думаньне, асобы, апантаныя фобіямі і ідэямі-фікс. Тады дно робіцца верхам, і ўсё добрае, чыстае, сьветлае -- глуміцца па вызначэньню. Для беларускай нацыі і культуры гэта вельмі небясьпечны і надзвычай разбуральны рэжым якраз тым, што зьнішчэньне нацыянальнага духа, нацыянальнай вітальнасьці народа ёсьць ягонай палітыкай і мэтай, пагрунтаванай на маніякальнай падсьведамасьці аднаго чалавека, які апынуўся на вяршыні ўлады. Зададзенасьць гэтай мэты (ліквідацыі нацыянальнай тоеснасьці народа) вынікае ня толькі зь дзеяньняў і заяваў рэжыму, але і з наўпроставых выказваньняў галоўнага выканаўцы. 2-га сакавіка 2006 г., напрыклад, на так званым “усебеларускім сходзе” Лукашэнка заявіў перад усімі: “Я абараняю не сябе. Я ўжо наеўся гэтай улады. Для мяне вельмі важна паставіць моцную кропку ў гэтым жыцьці, каб нікому, хто прыйдзе пасьля мяне, не захацелася павярнуць назад краіну. Каб краіна ішла гэтай дарогай” і г. д. (Страшна нават уявіць, каб Беларусь засталася ў гэтым маразме – “ішла гэтай дарогай”.) Палітыка цяперашняга рэжыму адкрыта антыбеларуская і простая, як сякера. Але людзі, якія ўжо страцілі нацыянальную тоеснасьць, ня ў стане (як ні дзіўна) відавочнае – бачыць. Як і сто гадоў таму, мы сутыкнуліся зь неабходнасьцю тлумачыць людзям простыя рэчы нашага ня толькі народнага, але і этнічнага існаваньня. Нацыянальная палітыка расейскай імпэрыі і яе клонаў (СССР, РФ) – гэта якраз самая што ні ёсьць гвалтоўная, дзікая русіфікацыя. За амаль дзьвесьце гадоў каляніялізму (асабліва за часы СССР) маскоўская палітыка на Беларусі пакінула свой сьлед. Насельніцтва і пакаленьне новай незалежнай Беларусі павінна б было як найхутчэй зразумець пэрманэнтную чужасьць і небясьпеку, якія зыходзяць ад расейскага імпэрыялізму. Гэтае веданьне абавязковае (зьяўляецца, як кажуць, катэгарычным імпэратывам) дзеля нармальнага існаваньня незалежнай Беларусі. Калі ўсьведамленьне “калектыўнага чужога” як пагрозы і крыніцы небясьпекі ня вернецца цалкам у палітыка-этнічную сьведамасьць беларусаў, тады застаецца і працягваецца параліч нацыі і неадэкватная рэакцыя на сваю нацыянальную сьмерць. У часы расейскага генацыду 30-х гадоў мінулага стагоддзя гэта выявілася лапідарна даслоўна. Тысячы беларусаў, якіх расстрэльвалі ў Курапатах, казалі перад ямай, напоўненай трупамі, аднолькавую фразу – пыталіся ў катаў: “За што?” Ніхто зь іх не разумеў, што іх забіваюць за тое, што яны беларусы, бо забойцы гаварылі эўфэмізмамі (“ворагі народа” і т. п.). Многія, сьведкі расстрэлаў, зь якімі я гаварыў у 80-х гадах, зьдзіўляліся: “Ну, няхай бы (маўляў) немцы, а то ж свае”. Калі немцы (фашысты, значыцца) зьнішчалі габрэяў, то яны (габрэі) ведалі, “за што”. За тое, што габрэй. Ішлі ў газавыя камэры, як на ахвяру Апакаліпсісу. Халакост ускалыхнуў чалавецтва, згуртаваў усіх габрэяў. Трагедыя скончылася перамогай духа. Тым часам у курапацкіх магільных ямах, на ўскапанай, палітай крывёю зямлі Курапатаў нашчадкі расстраляных беларусаў па сёньняшні дзень п’юць гарэлку, смажаць шашлыкі ды ламаюць крыжы. Цяжкі час небясьпечны сваімі наступствамі. Кожны кароткі пэрыяд адраджэньня меў свае дасягненьні і свой уздым духа. Кожны доўгі пэрыяд нішчэньня народа пакінуў свае разбуральныя і часта – неаднаўляльныя руіны, але ў прынцыпе ўсё добрае, здольнае і жыцьцёвае можа мець працяг. Цяжкі час – гэта ня толькі пасьлядоўнае вынішчэньне ўсяго беларускага, гэта ёсьць улада цемры і хамства, непавагі да чалавека, зьдзеку над сьветлым, чыстым і добрым. Цяжкі час – гэта масавае паталягічнае п’янства, гэта разбурэньне нармальнай лексікі, абніжэньне нораваў і культуры, страта весялосьці і добрых людзей. Гэта час панурага чалавека. 1 сакавіка 2009 г. Зянон ПАЗЬНЯК |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий