«Ольсам» захацелася ў войска

Тизер: 

«Ольсам» захацелася ў войска

 

Гурт «Стары Ольса» даў VIP-канцэрт у вайсковай частцы №04147 для служачых асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады. Заля часткі, разьлічаная на 500 месцаў была цалкам запоўненая. Канцэрту гурта старадаўняй музыкі паспрыяў палкоўнік Сяргей Макей, а разам з «Ольсамі» на сцэну выйшаў іх бубнач Сяргей Тапчэўскі, які якраз тут праходзіць службу. Зьміцер Сасноўскі: «Мне здаецца, што ў захапленьні ўсе: гледачы, бо ім захацелася пабачыць наш канцэрт яшчэ і мы, бо нам захацелася паслужыць».

Канцэрт у ваеннай частцы, што адбыўся 8 лютага, для «Старога Ольсы» — першы падобны. Пасьля выступу лідэр гурта Зьміцер Сасноўскі дзеліцца ўражаньнямі: «Выйшаў адзін з самых лепшых нашых канцэртаў. Сыгралі нават болей, чым плянавалі, бо вайскоўцы прасілі яшчэ і яшчэ. Асабліва жыва рэагавала на нас 3-я рота, дзе служыць наш бубнач».

У захапленьні музыкі з «Старога Ольсы» і ўласна ад экскурсіі па частцы. «Па-першае, нам спадабаўся абед у сталоўцы. Па-другое, мы папросту былі ўражаныя мясцовай студыяй, дзе можна рабіць даволі якасны запіс. Хапае і інструмэнтаў. Карацей, тым з нас, хто не служыў — надта закарцела гэта зрабіць», — ці то жартам, ці то ўсур’ёз падсумаваў Зьміцер.

Пасьля канцэрту гурт «Стары Ольса» заявіў, што гатовы сыграць і ў іншых вайсковых частках Беларусі, калі будуць такія прапановы.
Бліжэйшы канцэрт Старога Ольсы пройдзе ў канцэртнай залі Мінск 14 лютага.

Ссылка на источник: 
Тузін Гітоў
Имя источника: 
Тузін Гітоў