Эўрагульні

Среднее: 1 (1 голос)

Паміж беларускай уладай і Эўразьвязам ідзе складанае, інтрыгоўнае перацягваньне канату, рафініяваная гульня, дзе пакуль не відаць выніку. Беларускай уладзе патрэбна захаваньне палітычнага рэжыму ў краіне, эканамічнае супрацоўніцтва з ЭЗ і аргумэнт у дыскусіях з Расеяй. Эўразьвязу пажадана не-прызнаньне Беларусяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, патрэбна незалежнасьць Беларусі ад Расеі, а лепей - трапленьне Беларусі ў шэраг краінаў заходнеэўрапейскага ўплыву. Ну і дэмакратычныя зьмены ў Беларусі таксама былі б для ЭЗ такой пажаданай, хаця і не абавязковай рэччу.

У Менск зачасьцілі эўрапейскія чыноўнікі высокага рангу. Дэлегацыя ПАРЭ, Хавіер Саляна, Іварс Годманіс, дэпутаты Эўрапарлямэнта - і ўсё на працягу аднаго толькі тыдня. Усе гавораць пра “рэкордны” ўзровень кантактаў рэжыма Лукашэнкі і Эўразьвяза.

Што можна сказаць. Збліжэньне з ЭЗ - у любым выпадку ў інтарэсах Беларусі, хай адбываецца гэта і рукамі сёньняшняй улады. Беларусі патрэбная вонкава-палітычная дывэрсыфікацыя кантактаў, каб пуцінская Расея ня мела манаполіі на сувязі зь Беларусяй і не рабілася для яе “акном у сьвет”.

Максымум, якога Крэмль хоча ад Беларусі - гэта фактычная (не абавязкова юрыдычная) вайсковая, палітычная і эканамічная інкарпарацыя ў склад РФ. Максымум, якога Брусэль хоча ад Беларусі - ператварэньне Беларусі ў адну з усходнеэўрапейскіх краінаў у шэрагу Польшчы, Летувы, Латвіі і іншых. Другая пэрспэктыва падаецца безумоўна больш прывабнай. Так ці інакш, збліжэньне з Захадам, пашырэньне кантактаў падвышае ступень уплыва Захада на рэжым Лукашэнкі і імавернасьць дэмакратычных пераменаў у краіне. Хай на беларускую ўладу будуць спрабаваць узьдзейнічаць заходнеэўрапейцы, а ня толькі расейцы.

У той жа час, мінулы тыдзень азначыўся такімі тыповымі ўжо праявамі беларускай уладай сваёй сутнасьці: разгон мірных акцый пратэста на 14 і 16 лютага, арышты і крымінальныя справы супраць прадпрымальнікаў, якія пагражаюць зьяўленьнем у Беларусі чарговых палітычных вязьняў. Рэальнымі дэмакратычнымі пераменамі ў краіне як ня пахла, так і ня пахне.

Паміж беларускай уладай і Эўразьвязам ідзе складанае, інтрыгоўнае перацягваньне канату, рафініяваная гульня, дзе пакуль не відаць выніку. Беларускай уладзе патрэбна захаваньне палітычнага рэжыму ў краіне, эканамічнае супрацоўніцтва з ЭЗ і аргумэнт у дыскусіях з Расеяй. Эўразьвязу пажадана не-прызнаньне Беларусяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, патрэбна незалежнасьць Беларусі ад Расеі, а лепей - трапленьне Беларусі ў шэраг краінаў заходнеэўрапейскага ўплыву. Ну і дэмакратычныя зьмены ў Беларусі таксама былі б для ЭЗ такой пажаданай, хаця і не абавязковай рэччу. Усё ж талерантнае нават да таталітарнага ісьлямізма ў сябе дома эўрачынавецтва - гэта вам не палымяныя амэрыканскія рамантыкі ад правоў чалавека. Хаця, канечне, убачыць сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Гілары Клінтан мы маем больш шанцаў, чым мелі шансы ўбачыць сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Кандалізы Райс.

Сучасны беларускі кіраўнік - што той калабок з расейскай казкі. Ад імпічмэнта ў 1996 годзе сыйшоў, ад аншлюса з боку Расеі сыйшоў. Засталося толькі сыйсьці ад эўрапейскага ўплыву і патрабаваньняў дэмакратызацыі. І новыя рэпрэсіі, скіраваныя ня супраць самых яскравых асобаў і вонкава пакуль не такія нахабна жорсткія - могуць быць часткай вяртаньня да старога статусу кво і выпрабаваньнем цярпеньня Эўразьвяза. Пасьля кроку наперад у палітычнай “лібэралізацыі” варта было пачакаць нейкі час зрабіць крок назад, каб зноў патрабаваць прэфэрэнцыяў. Рэжыму патрэбныя новыя закладнікі, каб гандлявацца.

Вялікую пашану трэба, канечне, аддаць здольнасьцям Аляксандра Лукашэнкі, гэтага безумоўна аднаго з найлепшых інтрыганаў на ўсім кантынэнце. Замацоўваючы кантакты з Заходняй Эўропай, беларуская ўлада паралельна здолела атрымаць шматмільённы крэдыт ад Расеі - за тыя ж самыя старыя-добрыя абяцаньні вечнага сяброўства і вечнага будаўніцтва так званай “Саюзнай дзяржавы”, так званай “АДКБ” ці чаго заўгодна яшчэ. Расейскае кіраўніцтва наіўна паверыла, што здолела купіць за той крэдыт хоць крыху ляяльнасьці афіцыйнага Менска - як можна было тое зрабіць з Кыргыстанам ці Армэніяй.

Вялікі жаль, што талент Аляксандра Лукашэнкі рэалізуе сябе зусім не на карысьць Беларусі і яе жыхароў. Але ж будзе аднойчы “і на старуху праруха”. Колькі часу зойме ў Эўразьвяза зразумець, што гандаль ня мае сэнсу? Колькі рэсурсу мае беларуская эканоміка, каб не абрынуцца? Будзем жыць, будзем бачыць. Шкада, што незалежная беларуская грамадзкасьць мае так мала шансаў паўплываць на гэту гульню беларускага кіраўніцтва і Эўразьвяза.