Саміт Юшчанка-Лукашэнка: старт для вышаградскай групы 2.0"

Среднее: 2 (1 голос)

20 студзеня нарэшце адбылася двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Ўкраіны, якая планавалася яшчэ з 2007 года, але кожны раз адкладалася з розных прычынаў. Нягледзячы на тое, што пад час гэтае сустрэчы не ўдалося вырашыць усіх праблемаў беларуска-ўкраінскіх адносінаў, яна па праву можа лічыцца лёсавызначальнай для ўсяго рэгіёну Ўсходняй Еўропы.

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Чарнігаў і перамовы з украінскім кіраўніком стаў прарыўным не ў сэнсе дасягнутых пагадненняў, але ў сэнсе глыбокага сімвалізму і выразнасці “паслання” знешнім актарам, і ў прыватнасці, Крамлю.

Па-першае, гэты візіт рыхтаваўся практычна два гады, і кожны раз яму заміналі розныя чыннікі, галоўным з якіх была патавая сітуацыя ў вырашэнні праблемы ўкраінскага доўгу, з-за якой немагчыма было канчаткова закрыць пытанне ўкраінска-беларускай мяжы. Шматлікія аналітыкі падкрэслівалі, што афіцыйны візіт можа адбыцца толькі тады, калі будзе знойдзена рашэнне праблемы доўгу, або калі ў бакоў з’явіцца палітычная воля закрыць вочы на гэтае пытанне дзеля вырашэння больш стратэгічных праблемаў. Таму гэтая сустрэча гаворыць пра з’яўленне супольных праблем, якія каштуюць больш за стомільённы доўг.

Па-другое, сустрэча Юшчанкі і Лукашэнкі адбылася не ў адной са сталіц, а ў Чарнігаве, які размешчаны паміж Мінскам і Кіевам, што павінна сімвалізаваць крок насустрач у адносінах паміж дзвюма суседнімі краінамі.

Па-трэцяе, сустрэча прайшла менавіта 20 студзеня, ў дзень інаугурацыі новага прэзідэнта ЗША. Гэта таксама сімвалічна, бо Юшчанка меў асабістыя стасункі з Дж. Бушам і мог мець пэўныя маральныя абавязацельствы што да кантактаў з недэмакратычнымі лідэрамі. Такім чынам смена адміністрацыі сімвалізуе і перамены ў рэгіянальнай палітыцы ва Ўсходняй Еўропе.

Па-чацвёртае, візіт адбыўся практычна адразу пасля завяршэння чарговай расійска-ўкраінскай газавай вайны, што падкрэслівае ягоную тэматыку і значнасць не толькі для Ўкраіны і Беларусі.

Афіцыйная сустрэча двух лідэраў у Чарнігаве сталася завяршэннем даволі працяглага перыяда ў беларуска-ўкраінскіх адносінах, які распачаўся пасля “Памаранчавай рэвалюцыі” і характарызаваўся інтэнсіфікацыяй гандлёва-эканамічных стасункаў пры агульным нізкім узроўні палітычных кантактаў . На прасторы СНД Украіна і Беларусь займалі (і працягваюць займаць) супрацьлеглыя палітычныя пазіцыі, аднак на сёняшні дзень супольныя суседзі і супольныя выклікі прымушаюць Мінск і Кіеў шукаць шляхі каардынацыі сваёй палітыкі ў самых розных сферах. Да канвергенцыі інтарэсаў Беларусі і Ўкраіны ў рэгіёне прывёў цэлы шэраг чыннікаў, якія выліліся ў фармаванне падабенства знешнепалітычных умоваў для дзвюх краінаў: пашырэнне і паглыбленне еўрапейскай інтэграцыі і пошук уласнага месца ў гэтых працэсах, транзітнае становішча і неабходнасць дыверсіфікацыі паставак энэрганосьбітаў ва ўмовах абвастрэння адносінаў з Расіяй, неабходнасць выпрацоўкі доўгатэрміновай рэгіянальнай палітыкі і інш. Ўсё гэта ў рэшце рэшт прывяло да саспявання палітычнай волі для ўсталявання больш шчыльных палітычных адносінаў і адкладання дробных (але ад таго ня менш балючых) праблем для вырашэння больш значных і надзённых.

Сустрэча мела вынікам падпісанне цэлага пакету дакументаў, што павінны паспрыяць гандлёва-эканамічным стасункам дзвюх дзяржаў. Сярод іх Пагадненне паміж Кабінетам міністраў Украіны і ўрадам Беларусі пра спрошчаны парадак перамяшчэння па ўчастку дарогі Славуціч-Чарнобыльская АЭС, а таксама пратакол да гэтага пагаднення; падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і Ўкраіны ў энэргетычнай сферы, мэтаю якога з’яўляецца паглыбленне двухбаковага супрацоўніцтва ў энэргетычнай сферы, уключаючы рэалізацыю шматбаковых праектаў, дыверсіфікацыю паставак энэргарэсурсаў, інтэграцыю энэргетычных рынкаў краін і інш. Акрамя гэтага, падпісана Консульская канвенцыя паміж Украінай і Беларуссю, якая павінна паспрыяць далейшаму развіццю дамоўна-прававой базы ўкраінска-беларускіх адносінаў .

Як бачым, значнасць падпісаных дакументаў не патрабавала сустрэчы на вышэйшым узроўні, тым больш што ані пытанне доўгу, ані пытанне мяжы вырашана не было. Трэба прызнаць, што сустрэча кіраўнікоў дзяржаў была важнай сама па сабе, а не з-за падпісаных пагадненняў. Яна прадаставіла магчымасць за закрытымі дзвярыма абмеркаваць тыя пытанні, якія пакуль што рана выносіць на паперу і замацоўваць подпісамі, але якія сапраўды маюць выключнае значэнне для выжывання абедзвюх дзяржаў. Гэтак, падчас больш як 3,5-гадзіннай размовы прэзідэнты дамовіліся пра аднаўленне паставах электраэнэргіі ў Беларусь і магчымы яе транзіт у краіны Балтыі , абмеркавалі пытанні транзіту і энэргабяспекі, было дамоўлена пра супрацоўніцтва і каардынацыю ў межах ініцыятывы “Ўсходняе партнёрства” ЕС і іншых праектаў Еўрапейскай палітыкі суседства , ішла таксама гаворка пра стварэнне балта-чарнаморскага транспартнага калідора і выкарыстання нафтаправода “Адэса-Броды” для транзіта нафты праз беларускую тэрыторыю .

Факт і змест сустрэчы Юшчанкі і Лукашэнкі ў Чарнігаве дазваляюць зрабіць шэраг высноваў датычных развіцця ўсяго рэгіёну:

1. Беларусь паслядоўна праводзіць палітыку выхаду з міжнароднай ізаляцыі, у тым ліку і праз спробу прыняць удзел у пабудове рэгіянальнага інтэграцыйнага блоку, што падвысіла б яе значнасць як для Расіі, гэтак і для Захаду. Момант для гэтага выбраны вельмі ўдала, паколькі і агульная міжнародная сітуацыя, і сусветны эканамічны крызіс пашыраюць магчымасці для перафарматавання адносінаў у рэгіёне Ўсходняй Еўропы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дзейнічае такім чынам, каб прадэмантраваць сваю надзейнасць і дамоваздатнасць як у адносінах з Расіяй, гэтак і ў адносінах з Захадам і Ўкраінай;

2. Палітычнае збліжэнне з Украінай з’яўляецца часткай нармалізацыі адносінаў з Захадам. Пры гэтым Украіна будзе і надалей адыгрываць ролю пасярэдніка ў дыялогу паміж Беларуссю з аднога боку і ЕС і ЗША – з іншага;

3. Акрамя таго, наладжванне палітычных кантактаў з Украінай сведчыць пра спробы знайсці альтэрнатыўную ЕС і Расіі апору ў рэгіёне, што можа быць важна ў выпадку ўзмацнення ціску з боку Расіі і, як следства, абмежавання рынку ўсходняга суседа для беларускіх тавараў, або ў выпадку згортвання дыялогу з ЕС. Пры гэтам сур’ёзнасць намераў усталяваць даўгатэрміновыя палітычныя адносіны з Украінай будуць вымярацца аператыўнасцю і эфектыўнасцю вырашэння галоўнага пытання беларуска-украінскіх дачыненняў – пытання пра дзяржаўны доўг.

4. Распачынаецца праца ў накірунку каардынацыі транзітнай палітыкі Беларусі і Ўкраіны, што ў перспектыве можа стаць магутнейшым інструментам уплыву на палітыку Крамля ў рэгіёне. Пра стварэнне кансорцыюму краін-транзіцёраў казаць заўчасна, але пэўныя страховачныя меры на выпадак нафтагазавых войнаў з Расіяй могуць быць узгодненыя;

5. Пачатак абмеркавання супольных дзеянняў што да ўдзелу ва Ўсходнім партнёрстве ЕС і каардынацыі падыходаў Кіева і Мінска ў стасунках з Еўракамісіяй сведчаць пра магчымасць нараджэння ва Ўсходняй Еўропе другога выдання Вышаградскай групы, мэтай якой, нагадаю, была каардынацыя ўступлення ў Еўрапейскі саюз. Супольная палітыка Украіны і Беларусі што да ЕС падвысіла б геапалітычную вагу абедзвюх краін у вачах ЕС, а таксама паспрыяла б нармалізацыі стасункаў Беларусі з Брусэлем з перспектывай перагляду стаўлення беларускіх уладаў да інтэграцыі краіны ў Еўрасаюз. Аднак, дзеля таго, каб “Вышаград 2.0” сапраўды паўстаў, Беларусь мусіць выканаць сур’ёзную папярэднюю працу па лібералізацыі ўласнай эканомікі і палітычнай сістэмы.