Беларускі аптымізм

Ещё никто не проголосовал

Своеасаблівая беларуская дыхатамія "чым меней грошай, тым болей свабоды", абрысаваная адным беларускім журналістам, нараджае хоць нейкі "аптымізм" датычна сёньняшняй сытуацыі: нават калі эканамічны крызыс прыме зусім пагрозьлівыя абароты, хаця б датычна дэмакратыі і правоў чалавека можна чакаць нейкіх паляпшэньняў. "З дурной аўцы хоць поўсьці клок", кажа расейская прымаўка. Іншыя суседнія краіны гэткай нагоды для "аптымізма" ня маюць, пазайздросім жа самі сабе хоць у гэтым.

Дэмакратызацыя як функцыя

Сымптомы гэтай узаемасувязі сапраўды назіраліся апошні год пасьля гучных нафтагазавых скандалаў паміж Менскам і Масквой, калі Беларусь была пазбаўленая некалькіх мільярдаў даляраў укосных датацый з боку Расеі. Вызваленыя ўсе вядомыя палітычныя вязьні, дзьве буйныя назалежныя газэты вернутыя ў шапікі і падпісны каталёг, нарэшце, апазыцыйныя экспэрты ўключаныя ў хоць нейкую дзяржаўную экспэртную групу.

Тым ня меней, пакуль што няма ўражаньня, што азначаныя зрухі маюць характар іншы, чым выключна сымбалічны і піараўскі, пагатоў само жыцьцё навучыла не перабольшваць чаканьні адносна пэрспэктываў дэмакратыі ў Беларусі. І як бы аналітыкі не прамаўлялі загадкава пра "тэктанічныя зрухі" ў сьвядомасьці ўлады - насамрэч, павестка дня і прыярытэты ў пануючага ў Беларусі рэжыма малаверагодна, што зьменяцца - як малаверагодна, што зьменяцца погляды чалавека на чале сыстэмы. Тактыка можа зьмяніцца. Стратэгія застанецца той жа самай.

Дэмакратызацыйныя і лібэралізацыйныя захады з боку ўлады - гэта функцыя ад сур'ёзнасьці эканамічных праблемаў у краіне і ступені страты кантроля над сытуацыяй з боку дзяржавы.

Палітычная сіла, якая зараз знаходзіцца пры ўладзе ў Беларусі, ня здольная да існаваньня ў свабодным канкурэнтным асяродзьдзі і дагэтуль не прадэманстравала сур'ёзных імкненьняў да стварэньня яго. Таму любыя зрухі ў дэмакратычным кірунку будуць рабіцца толькі па меры аслабеньня кантроля ўлады над сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй у краіне - і гэта сапраўды можна бачыць у якасьці сымптомаў цяжкасьцяў. Канкрэтныя вонкавыя чыньнікі для дзеяньняў - гэта ў першую чаргу, пэрспэктыва заходняй фінансавай дапамогі з аднаго боку і пагроза сацыяльнага выбуху з другога.

Пры гэтым таксама, варта чакаць таго, што і наадварот, любое паляпшэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі аўтаматычна будзе ствараць небеспадстаўную спакусу для зваротнага згортваньня свабодаў. Напрыклад, пры малаверагоднай гіпатэтычнай "пакупцы" рэжыма з боку Расеі патрэба ў псўэдалібэральных дэкарацыях зьнікнуць, і палітычныя вязьні пачнуць зьяўляцца наноў.

Грамадзкасьць, што ня здольная абараніць сама сябе

Іншая справа, што ў дадзеных варунках рэжым вымушаны шукаць супрацы з ЭЗ, і Эўрапейскі зьвяз цяпер зьяўляецца для дэмакратычнай беларускай грамадзкасьці выразьнікам інтарэсаў і заступнікам - раз сама гэта грамадзкасьць, рэпрэзэнтаваная ў першу чаргу "аб'яднынамі дэмакратычнымі сіламі", на гэта ня здольная. Палітыка даўно не зьяўляецца пагрозьлівым для ўлады фактарам, і яе пагрозьлівасьць ад 1996 года па сёньняшні дзень няўхільна падае.

Беларускай апазыцыі няма. Пасьля вызваленьня палітвязьняў бачым яе практычную непатрэбнасьць, хіба акрамя як дзеля пасіўнага фармальнага азначэньня прысутнасьці нейкай альтэрнатыўнай думкі ў краіне. Некаторыя апазыцыйныя палітыкі ў кулюарах не хаваюць, што чакаюць крызіса, каб падабраць упаўшую уладу - а да таго часу застаецца пісаць законапраекты і займацца асьветай. Увогуле, няма адчуваньня, што гэтыя людзі хочуць узяць на сябе адказнасьць за краіну - як не захацелі браць на сябе адказнасьць, распусьціўшы людзей па дамах 19 сакавіка 2006 года. Людзей, якія былі гатовыя на шмат большае, чым іх лідары.

З боку "аб'яднанай апазыцыі" не прагучала нават камэнтара з нагоды дэвальвацыі беларускага рубля ў пачатку 2009 года. Людзі, што па свайму намінальнаму статусе павінны быць палітычнай контар-элітай, павінны мець напагатове свае ценявы парлямэнт і ценявы ўрад, не пажадалі сабе псаваць вакацыі. Яны не задумаліся наконт таго, што ценявы ўрад павінен зрабіць у выпадку, калі за адзін дзень курс нацыянальнай валюты дэманстратыўна апушчаны на дваццаць адсоткаў. Напрыклад, хоць бы і падтрымаць рашэньне ўладаў.

Павагу выклікае хіба што прынцыповасьць партыі КХП-БНФ - хаця і гэта прынцыповасьць сыходзіць ад непублічнай партыі, "няўлоўнага Джо" беларускай палітыкі. Але добра, што хоць КХП-БНФ існуе як сымбаль "вечных каштоўнасьцяў", як эталён прынцыповасьці, чыя нерафініяваная пазыцыя тым прывабней гледзіцца, чым болей даказваюць сваю няздатнасьць апалягеты дыялёгаў і кампрамісаў.

Верагодна, мэйнстрымавая апазыцыя змабілізуецца на нейкія актыўныя дзеяньні не раней, чым зьявяцца адчувальныя адзнакі насамрэч беспрэцэдэнтна сур'ёзных праблемаў для эканомікі. Толькі раней за гэта адбудзецца самаарганізацыя незадаволеных у стыхійныя групы паводле сацыяльна-эканамічных патрабаваньняў - і гэтымі групамі ў першую чаргу змогуць маніпуляваць і вонкавыя сілы, пагатоў зацікаўленыя вонкавыя сілы ёсьць.

Вечнасьць у нашым распараджэньні

Пакуль сытуацыя будзе пагаршацца, улады будуць купляць заходнія крэдыты за новыя дэмакратычныя фанцікі. Можна ўявіць сабе бяскрыўдныя для існага рэжыму, але гучныя мерапрыемствы, кшталту скасаваньня сьмяротнага пакараньня ці нібыта ўжо адбываючайся максымальнай лібэралізацыі эканомікі. Скасаваньне сьмяротнага пакараньня - гэта цэлая ўмова са славутага "сьпісу дванаццаці", прычым умова, рэалізацыя якой для рэжыма не прадстаўляе абсалютна ніякай небясьпекі. А што да лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці - пройдзе дастаткова доўгі час, пакуль прыватнае прадпрымальніцтва набярэ вагу і зможа (тым болей - пажадае) ператварыцца ў базу для патрымкі палітычнай апазыцыі.

Тым болей, што ўлада прадэманстравала майстэрства максымальна адцягваць такія рашэньні і рабіць любыя свае саступкі вынікам доўгіх і напружаных перамоваў.

Па найбольш аптымістычных прагнозах, можна чакаць першых адзнакаў пачатку выхада сусьветнай эканомікі з крызісу ў сярэдзіне 2009 года. Дапусьцім, Беларусь адчуе паляпшэньне з адлегласьцю ў паўгады. У любым выпадку, гэта будзе значыць, што, можа, ня так і доўга ўладзе трэба пратрымацца ў "аварыйным рэжыме", пасьля якога зможа пачацца згортваньне лібэральнай вольніцы.

У такіх умовах зноў застаецца зьвярнуцца да закліка Зянона Пазьняка да нацыянальных колаў сканцэнтравацца на "вечных" пытаньнях нацыянальнага адраджэньня і асьветы - дзейнасьці, якой нават улады ня будуць мець нагоды наўпрост процістаяць. А што да занадта доўгага тэрміну, які давядзецца чакаць выніку гэтай працы - гледзячы на патэнцыял сучаснай палітычнай апазыцыі, прыходзіць змрочная думка пра вечнасьць у нашым распараджэньні.

Зь іншага боку, існуюць і меней аптымістычныя эканамічныя прагнозы, паводле якіх крызіс прыме доўгатэрміновы характар і цягам 2009 года будзе толькі паглыбляцца. У такім выпадку пэрспэктывы выглядаюць, канечне, больш інтрыгоўна.