|
|
|
Офісам для “Газеты Слонімскай” сталі кватэры журналістаў06/06/2008 - 15:10 / Радыё СвабодаСёньня да вечара рэдакцыя павінна забраць усе рэчы й зьехаць з памяшканьня па вуліцы Камсамольскай, 8. Канкрэтнага месца, куды перасяляцца, пакуль няма.
Настрой у журналістаў пануры. Амаль усе рэчы вывезьлі, засталіся толькі некалькі кампутараў. Пытаюся Віктара — куды яны ўсё гэта звозяць? Валадашчук: “Па гаражах, па кватэрах людзі разьвезьлі, бо няма куды падзець. Калі што-небудзь застанецца, то забяру пазьней, бо й так два гаражы запоўнілі, трэба трэці шукаць”. Карэспандэнт: “А як плянуеце выпускаць наступны нумар?” Валадашчук: “Будзем выпускаць. Мы адначасова перавозім рэчы й рыхтуем наступны нумар”. Рэдактар удакладняе, што пакуль кампутары будуць стаяць у супрацоўнікаў, кур’ер будзе зьбіраць ва ўсіх інфармацыю й звозіць у адно месца. Карэспандэнт: “А якія ўсё ж пэрспэктывы, што ў вас зьявіцца сваё памяшканьне?” Валадашчук: “Я ўжо не адзін раз аб’езьдзіў увесь горад. Тое, што прапануюць мне прыватнікі, як правіла, патрабуе капітальнага рамонту, дзе й ацяпленьне адключана, і г.д. Кажуць, вось бяры гэтую хібару...” Са слоў Валадашчука, арандаваць памяшканьне ў камунальнікаў наагул няма шанцаў. Валадашчук: “Калі ёсьць нармальныя памяшканьні, то яны належаць камунальнікам. Мяне папярэдзілі, каб я туды нават ня сунуўся, бо паперы ўсё роўна будуць зацьвярджаць на выканкаме, а там мне нічога не дадуць”. Згодна зь дзейным заканадаўствам, Віктар Валадашчук мае права перарэгістраваць юрыдычны адрас рэдакцыі на свой хатні. Зь яго слоў, адзін з прыватных прадпрымальнікаў робіць рамонт памяшканьня, каб потым здаць яго ў арэнду газэце. Віктар Валадашчук спадзяецца, што такім чынам ён у бліжэйшы час вырашыць праблему з офісам для рэдакцыі. Нягледзячы на ўсе нязручнасьці, зьвязаныя зь пераездам, карэспандэнты па-ранейшаму рыхтуюць матэрыялы для наступнага нумара. Я запытаўся ў Сяргея Чыгрына, намесьніка рэдактара, што ён рыхтуе на наступны нумар. Чыгрын: “Ой, шкада ўсяго... Такое месца добрае было, быў свой куток... ай... Заплянаваў тэмаў некалькі, але нічога так і ня здолеў напісаць сёньня...” Нагадаем, што “Газету Слонімскую” заранёў папярэдзілі аб тым, што адмаўляюць ёй у арэндзе. Перамовы з гарадзкімі ўладамі ніякага выніку не далі, а знайсьці новае памяшканьне, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца. Некалькі месяцаў таму паводле вуснага загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, праўда, ліцэнзію на дробны гандаль (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі) усё ж працягнулі. Але вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”. Некалькі тыдняў таму “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі фонду “Цайт” за асьвятленьне падзей у рэгіёне. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий