Сяргей Парсюкевіч: “Сваю віну не прызнаю катэгарычна”
04/23/2008 - 02:33 / Радыё Свабода22 красавіка ў Маскоўскім судзе Менску пачаўся працэс над актывістам прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Сяргеем Парсюкевічам, якога вінавацяць у зьбіцьці міліцыянта. Працэс пачаўся з задавальненьня хадайніцтваў абароны прадпрымальніка, а потым пачаліся выдаленьні з залі журналістаў і сваякоў.
Болей за 30 чалавек прыйшлі ў суд, каб падтрымаць Сяргея Парсюкевіча. Гэта палітыкі, праваабаронцы, журналісты, прадпрымальнікі зь Менску і Віцебску.
Калі людзей пусьцілі ў судовую залю, Сяргей Парсюкевіч ужо знаходзіўся ў жалезнай клетцы. Пра прадпрымальніка вядома, што ў яго абвастрылася астма — і сапраўды было відаць, што пачуваецца Сяргей Парсюкевіч дрэнна.
У яго шэры колер твару, ён значна схуднеў, але пасылаў усьмешкі прысутным і найперш жонцы Натальлі і сыну Дзянісу, якія прыехалі зь Віцебску на працэс. Маці прадпрымальніка Вера Фёдараўна на суд прыехаць не змагла з-за хваробы.
Судзьдзя адразу разгледзеў два хадайніцтвы: адвакатка прасіла дапытаць сьведкаў з боку Парсюкевіча, якіх не апытала сьледзтва. Павал Вінаградаў, Аляксандр Важакоў і Карэн Акопаў гатовыя засьведчыць падзеі, якія адбываліся ў камэры турмы на Акрэсьціна, куды 14 студзеня патрапіў Сяргей Парсюкевіч за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня. Гэтае хадайніцтва судзьдзя задаволіў, а вось просьбу Сяргея Парсюкевіча пра зьмену яму меры стрыманьня адхіліў. Судзьдзя спаслаўся на тое, што Парсюкевіча абвінавачваюць у цяжкім злачынстве, якое караецца ажно 6 гадамі зьняволеньня. Спасылкі на дрэннае здароўе Ўладзімер Аўдзеенка пад увагу ня ўзяў.
Отправить комментарий