10 гадамі пазбаўленьня волі пакараны актывіст партыі "Грамада" Зьміцер
04/15/2008 - 08:25 / Радыё Свабода 10 гадамі пазбаўленьня волі пакараны актывіст партыі "Грамада" Зьміцер Лісяенка. Яго абвінавацілі ў тым, што ён захоўваў наркотыкі і фальшывыя грошы.
У суд Менскага раёну прыйшлі моладзевыя актывісты, большасьць зь якіх далучылася да дэмакратычнага руху пасьля сакавіка 2006 году. Зьміцер Лісяенка быў на лаве падсудных не адзін, а з грамадзянінам, якога ня ведаюць ягоныя паплечнікі — Камо Дадалянам.
Нягледзячы на тое, што Зьмітра трымаюць пад вартай ад 9 жніўня 2007 году, паплечнікі толькі нядаўна даведаліся пра крымінальную справу. На судзе высьветлілася, што падставай для абвінавачаньня сталі толькі паказаньні сьведкі, згодна зь якімі Зьміцер нібыта меў псыхатропныя сродкі і падробленыя купюры эўра. Саміх рэчавых доказаў сьледчыя не знайшлі.
Зьміцер у сваім апошнім слове заявіў, што на яго быў аказаны псыхалягічны і фізычны ціск. Казаў, што сьледчыя пагражалі ўчыніць расправу над ягонай маці.
Зьміцер Лісяенка служыў у брыгадзе спэцназу ў Мар’інай Горцы. У 2006 годзе, калі былі прэзыдэнцкія выбары і падзеі на Кастрычніцкай плошчы, стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, лідэрам якой быў Аляксандар Казулін. Некалькі разоў удзельнічаў у вулічных акцыях.
Отправить комментарий