|
|
|
Калі Беларусь ня стане часткай Эўропы, то яна ня зможа заставацца Бела02/19/2008 - 04:33 / Вовремя.info Сваім поглядам на асаблівасьці палітычнай сытуацыі ў Беларусі, пэрспэктывы рэжыму Лукашэнкі й апазыцыйных сіл, а таксама на лёс краіны ў цэлым з «Вовремя.info» падзяліўся беларускі палітоляг Сяргей Нікалюк. Спадар Нікалюк, надзвычайны і паўнамоцны пасол Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіла: «Мы спадзяемся, што 2008 год будзе годам, які прынясе надзеі на разьвіцьцё дэмакратычнай Беларусі». Вы таксама аптымістычна настроены што да разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі ў 2008 годзе? Мяркую, што 2008 год стане ў першую чаргу годам далейшага аслабленьня кантролю за эканомікай з боку дзяржавы, выкліканага скарачэньнем расейскіх датацый. Таму ня выключаная верагоднасьць таго, што дзяржава паспрабуе «адыграцца» на палітычным полі. Чарговыя парлямэнцкія выбары, прызначаныя на верасень, найхутчэй, пройдуць паводле традыцыйнага сцэнару, і ніводны з кандыдатаў ад апазыцыі ў парлямэнт ня трапіць. Адзін зь беларускіх экспэртаў нядаўна сказаў, што для правядзеньня чэсных выбараў у Беларусі неабходна зьмяніць ня столькі заканадаўства, колькі стаўленьне да яго. Як Вы думаеце, усё насамрэч зводзіцца да аднаго толькі заканадаўства? У Беларусі ў поўным аб’ёме сфармаваўся рэжым імітацыйнай дэмакратыі. Адносіны між дзяржавай і грамадзтвам як, зрэшты, і ўсярэдзіне дзяржавы і ўсярэдзіне грамадзтва выбудоўваюцца з апорай на нефармальныя правілы. Таму я цалкам падзяляю меркаваньне «аднаго зь беларускіх экспэртаў». Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча. Цяпер ужо былы генпракурор прызначаны судзьдзём і старшынём Канстытуцыйнага суду Беларусі. Новым генэральным пракурорам Беларусі ў адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі стаў Рыгор Васілевіч, які да 11 студзеня 2008 году займаў пасаду старшыні Канстытуцыйнага суду. Што, з Вашага пункту гледжаньня, можа значыць такая кадравая ракіроўка? Чаго хоча дамагчыся Лукашэнка гэтым картаваньнем калоды сваіх паплечнікаў? «Перабор людзішак» (тэрміналёгія Івана Жахлівага) — асноўная функцыя пэрсаналісцкай улады. Ані стратэгічных, ані тактычных наступстваў праведзеная Лукашэнкам кадравая ракіроўка для дзяржавы і грамадзтва мець ня будзе. Абумоўлены законам тэрмін знаходжаньня Васілевіча на посьце старшыні Канстытуцыйнага суду скончыўся. Яго перамясьцілі. Ва ўмовах кароткай кадравай лавы прынятае Лукашэнкам рашэньне выглядае дастаткова лягічным. Прыхільнікаў у рэжыму ня так ужо і багата, у асноўным яны сталага веку. Але чаму ўвесь час Лукашэнку ўдаецца накідаць сваю волю беларускаму народу? Адкуль вынікае, што «прыхільнікаў у рэжыму ня так ужо і багата»? Створаная ў Беларусі эканамічная мадэль дастаткова пасьпяхова дае рады задачам канцэнтрацыі рэсурсаў і іх наступнага разьмеркаваньня, а доля «разьмеркавальнага» соцыюму ў Беларусі ніяк ня меней за 70%. Сёньня магчымасьць канцэнтраваць рэсурсы зьменшылася, і электаральны рэйтынг Лукашэнкі пачаў зьніжацца. Але палітычным аптымістам неабходна памятаць наступнае: расчараваньне ў аўтарытарным лідэры ня робіць чалавека прыхільнікам дэмакратыі; улада ня мае патрэбы ў актыўнай падтрымцы сваіх прыхільнікаў, яна можа цудоўна існаваць як ва ўмовах пасіўнага ўхваленьня, так і пасіўнага пратэсту; ад індывідуальнай дулі ў кішэні да арганізаванага пратэсту — дыстанцыя велічэзнага памеру. Але, магчыма, яшчэ і таму, што ў Беларусі яшчэ няма крытычнай масы людзей, здольных выразна адрозьніваць свае асабістыя інтарэсы ад інтарэсаў грамадзтва? У Беларусі адстуная крытычная маса людзей, здольных да самаарганізацыі. «Сьвядомыя» праціўнікі ўлады, а доля такіх — у межах 25‑30%, калі й аб’яднаныя, то як тэлегледачы. У мабілізацыйных палітычных кампаніях (рэфэрэндумах, прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах) удзельнічае 2‑3% насельніцтва. Актыўнасьць астатніх — чыста электаральная: запоўніў бюлетэнь, апусьціў яго ў скрыню й свабодны да наступных выбараў. Спадар Нікалюк, вы неяк сказалі, што ў выпадку зьмены ўлады ў Беларусі існуе вялікая верагоднасьць прасоўваньня ў краіне эўрапейскіх каштоўнасьцяў. «Хаця эўрапейскіх прыхільнікаў у Беларусі меней, але гэта тыя людзі, якія валодаюць большымі ў параўнаньні зь іншымі групамі насельніцтва культурнымі й інтэлектуальнымі рэсурсамі». Ці не маглі б Вы больш падрабязна расказаць, на чым грунтуецца Вашая ўпэўненасьць у гэтым? Я ўжо прыводзіў ключавыя для беларускага грамадзтва суадносіны —7/3. Яны атрыманыя на падставе шматгадовых дасьледаваньняў незалелжных сацыёлягаў (НІСЭПІ, Лябараторыя «НОВАК»). Параўнайце: на апошніх парлямэнцкіх выбарах у Расеі дэмакратычныя партыі набралі крыху больш за 2%. У Беларусі такое немагчыма ў прынцыпе. На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, пасьля трохгадовага росту рэальных даходаў насельніцтва, якое вымяралася двухзначнымі лічбамі, дэмакратычныя кандыдаты атрымліваюць 26% галасоў. Згодна з сацыялягічнымі дасьледаваньнямі — гэта галасы пераважна маладых, адукаваных выбаршчыкаў, якія жывуць у вялікіх гарадах, гэта значыць тых, якія валодаюць асабовымі рэсурсамі. З увагі на свае сацыяльна‑дэмаграфічныя характарыстыкі яны ня маюць патрэбы ў апекаваньні аўтарытарнай дзяржавы. На жаль, з гадамі адбываецца «усушка» й «утруска» іх рэсурсаў, таму суадносіны 7/3 устойлівыя ў часе. З улікам рэсурсных магчымасьцяў расейцаў, мяжа беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, якая выбудоўваецца бюракратыяй, становіцца расплывістай, і мільёны беларусаў ужо сёньня гатовыя яе пераступіць. Ці магчыма гэтага пазьбегнуць? У рамках аўтарытарнае дзяржавы — не. Ды і ў рамках дзяржавы дэмакратычнай зрабіць гэта будзе ня проста. Дастаткова зірнуць на праблемы, зь якімі сутыкнуліся Балтыйскія рэспублікі пасьля свайго ўступленьня ў ЭЗ. Сучасныя межы празрыстыя, перш за ўсё, для людзей з асабовымі рэсурсамі. Прэцэс гэты ў Беларусі можа стаць незваротным. Згадайма Кубу, дзе кожны ахвотны ў стане знайсьці прыдатную дошку й пакінуць «Востраў Свабоды». Дзякуючы такой сацыяльнай мабільнасьці рэжым Кастра існуе пад носам у Амэрыкі ўжо больш за 40 гадоў. Згадайма Кубу, дзе кожны ахвотны ў стане знайсьці прыдатную дошку й пакінуць «Востраў Свабоды». Дзякуючы такой сацыяльнай мабільнасьці рэжым Кастра існуе пад носам у Амэрыкі ўжо больш за 40 гадоў. У адным з сваіх артыкулаў Вы пішаце, што, калі беларускамоўныя пісьменьнікі сьцьвярджаюць, што мова — гэта «наша ўсё», то з пункту гледжаньня іх карпаратаўных каштоўнасьцяў такія заявы зразумелыя. Але нацыянальная культура — толькі адзін з кубікаў, неабходных для будаўніцтва сучаснай нацыі. Ролю мовы ня варта перабольшваць. А што тады галоўнае, з Вашага гледжаньня? Калі я чую выказваньні пра «наша ўсё», то аўтаматычна ўзгадваю Туркмэнію. Там з мовай, наколькі я інфармаваны, праблемаў няма. І што? Сучасныя нацыі — гэта грамадзянскія нацыі. А вось з фармаваньнем крытычнай масы грамадзян у Беларусі — вялікія праблемы. Сёньня ж узровень падтрымкі Лукашэнкі сярод тых, хто размаўляе ў побыце на беларускай мове, вышэй, чым сярод расейскамоўных. Палітычнае поле ў Беларусі разарванае не па моўнай прыкмеце, а па рэсурснай. На беларускай мове ў рэспубліцы размаўляюць найперш сталыя людзі, якія жывуць у сельскай мясцовасьці. Яны ж і складаюць аснову электарату Лукашэнкі. Лукашэнка вядзе барацьбу зь беларускай нацыянальнай ідэяй і ейнымі носьбітамі. А яшчэ больш ён баіцца любога незалежнага ад дзяржавы грамадзкага аб’яднаньня ці ініцыятывы. Ці магчыма ў такіх умовах супрацьстаяць уладзе, якая ўсімі сіламі намагаецца выкараніць у Беларусі ўсё нацыянальнае? Палітыка як супрацьстаяньне ўлады й апазцыі — гэта заходняя схема. На нашых усходнеславянскіх прасторах палітычнае поле абмяжоўваецца рамкамі ўладнай вэртыкалі, што не выключае бунтаў, «бязьлітасных і бессэнсоўных». У сучаснай Беларусі высокая верагоднасьць таго, што палітычнае «пацяпленьне» пачнецца зьверху. Але гэтаму мусіць папярэднічаць глыбокі эканамічны крызыс, калі ўлада страціць здольнасьць канцэнтраваць рэсурсы. Дастаткова ўзгадаць прыклад з распадам СССР пасьля падзеньня сусьветных цэн на нафту ў 6,2 разы ў 1985 годзе. Але нават у выпадку паўтарэньня варыянту намэнклятурнай перабудовы ў асобна ўзятай былой савецкай рэспубліцы новым лідэрам давядзецца лічыцца з структурай беларускага грамадзтва, што прывядзе да рэзкага росту «курсу акцый» апазыцыйных партый. Намаганьнямі аўтарытарнага рэжыму апазыцыя загнаная ў палітычнае гета, абкружанае высокім плотам. Улады выкінулі ўсіх апанэнтаў з палітычнай сыстэмы (парлямэнту, мясцовых саветаў), перакрылі магчымасьці іх камунікацый з насельніцтвам. Любыя спробы апазыцыі выйсьці з гета жорстка спыняюцца ўладамі. Ці можна якімсьці чынам разарваць гэтае заганнае кола? У кожнага, хто хоча атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю, такая магчымасьць у Беларусі сёньня ёсьць. Іншая справа, што для гэтага трэба прыкласьці пэўныя высілкі. У краіне існуе палітычнае гета, але інфармацыйнага гета няма. Індэкс даверу апазыцыйных СМІ ў траўні 2007 году перавысіў індэкс даверу СМІ дзяржаўных, і розьніца працягвае павялічвацца. Але ва ўмовах расколатага грамадзтва апазыцыя ня можа ўплываць на аўтарытарную частку беларускага электарату. Колькасьць і якасьць інфармацыйных рэсурсаў асаблівай ролі тут ня маюць. Ужо які год сацыёлягам не ўдаецца выявіць уплыў прапрэзыдэнцкіх СМІ на дэмакратычную частку грамадзтва. І гэта пры амаль поўнай манаполіі на тэлебачаньне! За шмат гадоў адстунасьці ў рэальнай палітыцы апазыцыйныя лідэры развучыліся па‑сапраўднаму змагацца за ўладу Калі спарцмэна шмат гадоў не дапускаюць да спаборніцтваў, ягоная спартовая форма страчваецца. Ці ня гэтак атрымліваецца сёньня з апазыцыйнымі лідэрамі? Уладу нідзе й ніколі не заваёўваюць — уладу страчваюць. Палітычная кар’ера можа пачынацца зь перамогі (Саакашвілі), а можа і з шматгадовых паразаў (Гавал). Гэта другасна. У Лукашэнкі ёсьць цудоўнае выкзаваньне пра тое, што ў 1994 годзе ўлада ў Беларусі «валялася ў гразі» і ён яе «падняў». Усім нам знаёмага Ўладзімера Ільіча не дапускалі да спаборніцтваў амаль 20 гадоў, але ў патрэбны момант ягоная спартовая форма аказалася вышэйшай, чым у канкурэнтаў, і ён «падняў уладу» з «гразі» 17‑га году. Ці дастаткова праінфармаванае беларускае грамадзтва пра рэпрэсіі ў Беларусі? Пра гэта я ўжо казаў. Тут усё як ва ўспамінах былога міністра прамысловасьці фашысцкай Нямеччыны Шпэера: «ступень свайго няведаньня, у рэшце рэшт, вызначаў я сам». Прыхільнікі ўлады лічаць, што яны жывуць у дэмакратычнай дзяржаве, а таму не разумеюць, пра якія, уласна кажучы, рэпрэсіі вядзецца. Якой, на Ваш полгляд, мусіць быць пазыцыя беларускіх інтэлектуалаў ва ўмовах аўтарытарнага кіраваньня Лукашэнкі? У грамадзкай думцы няма нічога, апроч таго, што прысутнічае ў дыскурсе эліт. У беларускіх інтэлектуалаў ёсьць свой сэгмэнт грамадзтва. Попыт ёсьць, а вось зь якаснай прапановай — праблемы. Працы ў гэтым кірунку — непачаты край. Якой вам бачыцца будучыня Беларусі? Выбар невялікі. Калі Беларусь ня стане часткай Эўропы, то яна ня зможа заставацца Беларусьсю. Сяргей Нікалюк |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий