Перадгісторыя
Ад таго моманту, як Адам пераступіў мяжу рая й за ягонай сьпіной з бразгатам захлопнуліся ўваходныя дзьверы, а на варце стаў анёл зь мячом у рукох, наш прашчур уступіў у якасна новы этап існаваньня, куды уцягнуў па маўклівай згодзе (альбо нязгодзе?) й сваё ненароджанае яшчэ патомства. У імгненьне вока абсалют Эдэмскага саду дэградаваў ва ўмоўнасьць чалавечага соцыюму. Ролевая гульня падмяніла сабой Божыя настаўленьні. А сам вобраз і падабенства Божае стаў усяго толькі Homo ludens-ам, альбо чалавекам гуляючым, маніякальна засяроджаным на асноўным прадмеце сваёй жарсьці – цацках.
І няпраўда, што цацкі патрэбныя толькі дзецям, альбо лайдакам, альбо тым, хто ніяк ня можа перарасьці сваёй інфантыльнасьці. Чалавек гуляў заўжды. Ён, дарэчы, тым і адрозьніваецца ад жывёлаў, што ўжо ня бачыць мяжу паміж рэчаіснасьцю й умоўнасьцю гульні. Цывілізацыя для нас, такім чынам, гэта нішто іншае, як больш складаныя правілы гульні, больш дасканалыя цацкі. Першабытнае немаўля бразгоча косткамі, цывілізаванае – атрымлівае пластмасу. Першабытны маскулінум азартна мятае кап'ё, сучасны – зь ня меншым азартам гуляе ў дартс. Сярэднявечны чалавек гуляецца на стыку спрадвечнага й новага, чакаючы бонусаў у жыцьці будучым, сучасны – сядае за кампутар, жадаючы атрымліваць выгоды ўжо зараз. Вось, напэўна, і ўся розьніца.
Сёньняшні сьвет мала чым адрозьніваецца ад часоў папярэдніх. Homo ludens Homo ludens-ам застаецца. Зьмяняецца, бадай што, адно – маштаб гулек. Пакаленьне NEXT абірае Second Life. Не праходзіць і тыдня, каб іх не ўзгадалі ў якім-небудзь часопісе, на радыё, альбо на тэлебачаньні.
Мы кажам аб гульні, але варта адзначыць самае галоўнае: самі стваральнікі й гульцы яе гульнёй ужо ня лічаць. Second Life для іх хутчэй паралельная рэчаіснасьць, магчымая спроба другога жыцьця. Ня лічаць яе гульнёй, напэўна, й мас-мэдыя, інакш бы не надавалі ёй столькі ўвагі. СМІ цікавіць ня толькі й ня столькі фэномэн жыцьця ў віртуальнай рэчаіснасьці, колькі кропкі перасячэньня гэтай “гульні” з нашым сьветам.
Не палічылі яе забаўкай для школьнікаў, напрыклад, у Францыі, дзе пад час прэзідэнцкай кампаніі 2007 г. тагачасныя кандыдаты на пасаду Прэзыдэнта, сярод якіх былі Жан-Мары Лепэн, Нікаля Сарказі, Сегален Руаяль, Франсуа Байру, самым непасрэдным чынам зьвярнуліся да віртуальнага электарату, стварыўшы нават свае перадвыбарчыя штабы ў Second Life. 30 траўня 2007 года тут жа адчыніла сваю віртуальную амбасаду каралеўства Швэцыя, а да таго гэта зрабілі Мальдзівы. Свае бюро адчынілі ў SecondeLife такія прэсавыя агенцыі, як Reuters і Бельга. Reuters нават мае тут уласнага карэспандэнта, які асьвятляе падзеі віртуальнага грамадзтва.
Яшчэ адна падстава для такой шчыльнай увагі з боку мас-мэдыя тлумачыцца вось чым: дзякуючы існаваньню трывалага курсу абмена віртуальных грошай на розныя валюты сьвету тут магчыма набываць і прадаваць, а калі карацей, тут цалкам рэальна зарабляць грошы. Сюды ж падцягваюцца фінансавыя гіганты.
Toyota узяла за звычку прэзэнтаваць свае машыны менавіта ў Second Life. Adidas, Reebok і іжэ зь імі прадаюць тут свае спартыўныя тавары. Сэтка гатэляў люкс Starwood займела ў гэтым віртуальным сусьвеце вітрыну, дзе прадстаўляе на шырокі агляд будучыя збудаваньні. А Sun Microsystems арганізаваў канферэнцыю віртуальнай прэсы перад адкрыцьцём агенцыі ў Second Life. Для рэальнага бізнэсу тут, бачачы запартабаванасьць, была нават створана адмысловая агенцыя, якая раіць, якім чынам зрабіць сваю кампанію найбольш прывабнай ва ўмовах віртуальнай “гульні”. Аб чым казаць, калі Wells Fargo абсталяваў тут нават парк атракцыёнаў…
Дзе ёсьць праца, ёсьць і працоўныя месцы. Сусьветнавядомыя маркі шукаюць наёмную сілу. Карацей, людзі тут ня проста забаўляюцца, камунікуюць, альбо мрояць аб месцах, так складана дасягальных у рэальных умовах, яны тут ходзяць на працу. За абсалютна рэальныя грошы, варта адзначыць.
Свабода? Шызафрэнія?
Second Life – спараджэньне сучаснасьці. Нарадзілася гэтая “гульня” у 2003 г у Каліфорніі. Паводле задумы стваральнікаў, яна мусіла стацца гэткім віртуальным унівэрсумам, дзе кожны можа сам ствараць сваё ідэальнае жыцьцё: будаваць, абмяркоўваць, змагацца, забаўляцца, сустракацца, навучацца, прадаваць і набываць… Тут усё магчыма: абсалютная свабода, прастора для фантазіі. Адзіная ўмова – памяркоўнасьць да астатніх. І яшчэ адно абмежаваньне: да гульні запрашаюцца толькі дарослыя. І хіба што апошняе – экстрымальныя сцэнары забароненыя (а вось недапушчальныя вольнасьці – не, але гэта так, між іншым).
“У Second Life удзельнікі маюць права рабіць тысячы рэчаў, тлумачыць ягоны заснавальнік Філіп Розэдаль: знаходзіць новых знаёмых і сяброў, збудаваць дом сваёй мары, зьбіраць грошы на дабрачыннасьць, арганізоўваць канферэнцыі, павячэраць за знакамітасьцю, паўдзельнічаць у музычным канцэрце, выдаваць часопісы, альбо проста закахацца…”
На сёньняшні дзень можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць: Second Life стаўся сапраўдным фэномэнам. Блізу дзевяці мільёнаў па стану на пачатак гэтага году жывуць тут паралельным з нашым вымэрэньнем жыцьцём. Мясцовыя пэрфомансы запатрабаваныя тысячамі людзей з усіх краін сьвету.
Анкетаваньне “жыхароў” паказвае прыблізна наступную карціну: большасьць удзельнікаў знаходзяцца ва ўзросьце ад 25 да 35 год “35%), а таксама 18 – 24 (24%). Сярод амэрыканцаў Second Life больш папулярная чым сярод эўрапейцаў на 15 %. А вось расейскамоўны варыянт знаходзіцца толькі ў станаўленьні. На пачатак гэтага году шэраг знакамітых людзей з Расеі прыўрочваюць пэўныя акцыі дзеля папулізацыі гэтай сусьветна вядомай “гульні”.
Каб увайсьці ў Second Life, неабходна запоўніць фармуляр, зьмешчаны на сайце, пасьля вабраць псэўданім, стварыць аватару, г.зн. прамаляваць рысы свайго пэрсанажу ў вымярэньні 3D. І ўсё. Сама гульня будзе каштаваць недзе каля 6 даляраў у месяц. Апроч таго, у кожнага карыстальніка ёсьць уласны рахунак у віртуальных грошах, так званых Ліндэн-даляраў. Гэтымі віртуальнымі грашыма агулам можна аплаціць досыць рэальныя рэчы такія, напрыклад, як арганізацыя канферэнцыі для ўласнай фірмы, набыць што-небудзь страшэнна неабходнае, машыну, напрыклад, альбо іх можна ахвяраваць на рэальныя дабрачынныя мэты.
Для ілюстрацыі, цягам тыдня ў Second Life адбывалася акцыя пад назовам “Жытло для Дарфура”. На сайтах “гульні” была зьмешчаная асноўная інфармацыя пра складанасьці гэтага рэгіёну з заклікам паўдзельнічаць у паляпшэньні жыцьця мясцовага насельніцтва. Праэкт скіраваны на збор сродкаў на пабудову школы. Аўтары ініцыятывы перакананыя, што неабходныя сродкі неўзабаве будуць сабраныя.
Альбо яшчэ: тут можна сустрэць знакамітых аўтараў на прэзынтацыі іх апошніх кніг, зорак шоў-бізнэса. У жніўні мінулага года сьпявачка Сюзанна Вега была запрошана паставіць уласнае шоў ва ўмовах Second Life. Калі яе аватара мела досыць аддаленае падабенства, то прыгажосьць голаса, без сумнева, прыналежала ёй. Самы вялікі ж рэзананс атрымаў тут канцэрт легендарнага гурта U2, водгукі ад якога не заціхаюць і зараз.
Апроч таго, Second Life намагаецца заняць сваю нішу ў адукацыйнай прасторы. Ужо сёньня тут адчыненыя свае Гарвард, Стэнфард, а таксама Ўніверсытэт Нью-Ёрка. Зь мінулага году ў апрабацыю ўвайшлі й моўныя курсы, за выкладаньне якіх з усёй сур’ёзнасьцю ўзяліся вядучыя моўныя школы сьвету.
Дык што такое Second Life? Гульня? Шызафрэнія? Альбо нараджэньне новага ўніверсуму, так шчыльна зьвязанага з нашым уласным? Якая, па шчырасьці розьніца, калі ўсё нашае жыцьцё гульня не ў залежнасьці ад таго, даем мы сабе ў гэтым адказ, альбо не. Мы - Homo ludens. Дарэчы, што б мы ні думалі пра рэзыдэнтаў Second Life зь іхнімі заваротамі, розьніцу паміж двума рэчаіснасьцямі яны пакуль заўважаюць. Другое пытаньне, ці надоўга?
З разьвіцьцём тэхналёгіяў віртуальны сьвет будзе рабіцца ўсё натуральней, усё праўдападобней, усё ўтульней, нарэшце, а наш, адпаведна, усё менш бясьпечным і прывабным са сваімі экалягічнымі, тэрарыстычнымі ды расавымі небясьпекамі. Улічваючы ж той факт, што пад Second Life ужо падпісаліся фінансавыя магнаты, выпадае казаць пра жыцьцяздольнасьць дадзенага праэкта. Так ці інакш, “гульня” распачалася, й нікуды мы ад яе не падзенемся, бо не гуляць мы ня можам. Карацей, дзень добры, Homo Gamer…
Комментарии
вывучаем
Ужо 2-3 месяцы хаджу па Second Life. Дагэтуль не знайшоў анічога карыснага :/ Там трэба ведаць, калі і дзе якое мерапрыемства адбываецца, і патрэбен хуткі інтэрнэт і кампутар з добрымі рэсурсамі.
Беларусаў там пакуль што вельмі і вельмі мала :(
цікавімся
а якіх рэсурсаў не хапае? Якая павінна быць хуткасьць?