|
|
|
"Санкцыі ЗША сьведчаць, што няма адзінага стаўленьня Захаду да Белару11/16/2007 - 15:04 / svaboda.org Санкцыі ЗША адносна “Белнафтахіму” і паведамленьне пра разьмяшчэньне ў Беларусі ракетных комплексаў “Іскандэр” мы папрасілі пракамэнтаваць нямецкага экспэрта Аляксандра Рара. Рар: "Такім чынам, ЗША ў чарговы раз пацьвяржаюць, што іх лінія адносна Беларусі адрозьніваецца ад лініі Эўразьвязу, што няма адзінай лініі Захаду адносна гэтай краіны. Ёсьць жорсткая амэрыканская пазыцыя – гэта санкцыі, гэта спроба можа нават зьмены рэжыму ў Беларусі шляхам санкцый і падтрымкі апазыцыі, і ёсьць больш мяккая пазыцыя ўнутры Эўразьвязу, пакуль што яна падтрымліваецца такімі краінамі, як Нямеччына. Паводле гэтай пазыцыі, зь Беларусьсю трэба супрацоўнічаць і паспрабаваць зьмяніць палітыку і эканамічныя структуры ў Беларусі праз дыялёг, праз супрацоўніцтва, а ня сілай". Дракахруст: “А ці немагчыма, што пасьля амэрыканскага рашэньня Эўразьвяз ўвядзе санкцыі, падобныя да амэрыканскіх? Даходы ад паставак прадукцыі нафтахіміі ў Эўропу – вельмі істотная частка даходаў беларускай эканомікі”. Рар: “Цяжка прадказваць будучыню. Мяркую, што амэрыканская ініцыятыва выкліча нейкую рэакцыю з боку эўрапейскіх палітыкаў, але большасьць заходніх фірмаў, якія пачынаюць адкрываць для сябе беларускі рынак, разумеюць, што Лукашэнка хоча выйсьці з-пад кантролю Масквы і пачынае адкрываць сваю краіну Эўразьвязу – менавіта гэтыя бізнэс-структуры наўрад ці падтрымаюць рэжым санкцый супраць гэтай краіны. Зараз амэрыканцы прымушаюць усіх эўрапейцаў прымаць надзвычай жорсткія санкцыі адносна Ірану. У гэтым выпадку шмат заходніх фірмаў будуць сьледаваць амэрыканскім патрабаваньням, разумеючы, што гэта – адзіны шлях, каб прадухіліць усясьветную вайну. Але ў выпадку Беларусі я ня думаю, што заходнія фірмы пойдуць па шляху, які ім указваюць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Беларускі рынак адкрываецца, і бізнэс разглядае гэта як магчымасьць ускосна паўплываць на разьвіцьцё гэтай краіны". “Наўрад ці Расея пойдзе на тое, каб узбройваць Беларусь” Дракахруст: “У адказ на прыгаданае рашэньне Злучаных Штатаў беларускае МЗС абвінаваціла Вашынгтон у парушэньні абавязкаў, якія ЗША ўзялі на сябе напачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь пагадзілася вывесьці са сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. Ці азначае згадка пра гэтыя абавязкі, што Беларусь гатовая перагледзець свой бязьядзерны статус?” Рар: “Ну, гэта пытаньне не да Беларусі, а да той краіны, якая магла б увесьці ядзерную зброю ў Беларусь – да Расеі. Але наўрад ці Расея пойдзе на тое, каб узбройваць Беларусь, зь якой у яе, дарэчы, зараз ня самыя добрыя адносіны, атамнай зброяй, і цалкам разарваць адносіны з Захадам. Я такі сцэнар выключаю. Я мяркую, што гэтая рэакцыя – сьведчаньне эмацыйнага ўсплёску сярод беларускіх элітаў. Гэта тыповая рэакцыя, але ў ёй ёсьць і пэўная рацыя: нагадаць, што 13 гадоў таму Беларусь, Украіна і Казахстан добраахвотна адмовіліся ад ядзернай зброі, у той час як іншыя дзяржавы пачалі яе сакрэтна набываць". Дракахруст: "Літаральна сёньня зьявілася інфармацыя, што Беларусь мае намер набыць у Расеі і размясьціць на сваёй тэрыторыі расейскія ракетныя комплексы "Іскандэр". Як гэта паўплывае на ваенна-стратэгічны балянс у рэгіёне?" Рар: "Комплексы "Іскандэр" не зьяўляюцца стратэгічнай зброяй. Паводле некаторых зьвестак, Расея прадае гэтую зброю Сырыі, Ірану, Кіпру, сама хоча паставіць іх у Калінінградзкай вобласьці. Незразумела, навошта гэта рабіць. Ну, на Блізкім Усходзе такая зброя можа прадухіліць авіяўдары, а ў Эўропе навошта? На Беларусь ці Расею ніхто не зьбіраецца нападаць. Бразганьне зброяй адбываецца на тэрыторыі ўсёй Эўропы, што дае падставу старым саветолягам казаць пра вяртаньне "халоднай вайны". Юры Дракахруст, Прага |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий