|
|
|
Маргарыта Царан:”Я не хачу, каб міліцыянтаў пакаралі…”09/14/2007 - 16:29 / http://www.levonevsky.orgГродзенская студэнтка, ахвяра следчага эксперыменту, асуджаная на 4 гады калоніі, выйшла на свабоду. Аднак віну з яе не знялі, замяніўшы прысуд на 3 гады абмежавання волі
Ад 3 верасня Маргарыта знаходзіцца дома, а не ў калоніі. Але зараз яна павінна вяртацца дадому не пазней за 19-ю гадзіну, пастаянна адзначацца ва ўчастковага інспектара.
5 месяцаў таму дваццацігадовая Маргарыта Царан была асуджана на чатыры гады пазбаўлення волі: яе прызналі вінаватай у незаконным набыцці «з мэтай продажу наркатычнага сродку —0,28 грама марыхуаны за 22.000 рублёў». Галоўнай мэтай следчага эксперыменту быў выкладчык Гродзенскага універсітэта Андрэй Здасюк, якога падазравалі ў распаўсюджанні наркотыкаў. Сама Маргарыта была толькі падстаўной асобай, праз якую меркавалася зрабіць кантрольную закупку і злавіць на месцы злачынства. Сябра Рыты з дзяцінства, Андрэй Кісель, быў узяты міліцыяй за ўжыванне наркотыкаў. Яму прапанавалі супрацоўніцтва. Пасля гэтага Андрэй папрасіў Маргарыту набыць для яго марыхуану ў свайго выкладчыка. Па словах самой Рыты, выкладчык неаднаразова расказваў студэнтам пра наркотыкі: “На працягу ўсяго курса, які ён нам чытаў ва універсітэце, казаў, што не так гэта ўжо і дрэнна…” Валянціна Царан, маці дзяўчыны, ад самага пачатку справы пачала хадзіць па розных інстанцыях, у тым ліку дайшла нават да Генеральнага пракурора. Скончылася ўсё паўторным прысудам Гродзенскага абласнога суда: “Па вялікім рахунку, я прайшла той шлях, якім ходзіць амаль кожны ў падобных сітуацыях: і ў абласны суд, і ў Вярхоўны суд я пісала, і Генеральнаму пракурору, і нават самому прэзідэнту. Але ўся справа вырашылася на ўзроўні абласнога суда: быў зменены прысуд з пазбаўлення волі на абмежаванне. Я хацела б сказаць шчыры дзякуй і вам канкрэтна, і выкладчыкам, якія яе абаранялі… ды і ўсім людзям, якія нам дапамагалі. Вось мы сёння з Рытай былі ў саборы і маліліся за здароўе ўсіх, хто нам дапамагаў”. Месяц таму Валянціна Царан мела сустрэчу з Генеральным пракурорам Пятром Міклашэвічам. Па яе словах, у адказ на пытанне, ці маральна выкарыстоўваць людзей у такіх эксперыментах дзеля прасоўвання па кар’ернай лесвіцы, ёй адказалі: «Ня толькі амаральна, але й незаконна». Аднак судзімасць з Маргарыты так і не знялі. Маці дзяўчыны тлумачыць гэта проста: “Адна справа: калі з яе поўнасцю зняць усе абвінавачванні, то самі разумееце, колькі людзей трэба пакараць”. Цікава, што ў прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў такія следчыя эксперыменты міліцыі памылковымі не лічаць: “Гэта не памылка падчас правядзення пэўных следчых мерапрыемстваў, гэта памылка суда”. Маргарыта правяла на “зоне” больш за 5 месяцаў, так і не ўцяміўшы, за што яе пасадзілі: “Было дрэнна, было страшна, таму што я не разумела, якім чынам я парушыла закон”. Нават асуджаныя да Рыты ставіліся не так, як да іншых: “Атмасфера, канешне, была даволі варожая. Не было такой атмасферы сяброўства і нейкага адзінства. Усе чужыя адзін да аднаго людзі, і адносіны адпаведныя. Да мяне ставіліся вельмі спецыфічна, бо разумелі, што гэта нейкая памылка, як я сюды патрапіла”. Пасля выхаду на волю Маргарыта не трымае зла на свайго “сябра” і міліцыянтаў, якія правялі следчы эксперымент: “Я нікому не жадаю пакарання такога, якое атрымала я сама, і перажыць усё тое, што перажыла я сама. Не, я б не хацела, каб іх пакаралі”. Зараз Маргарыта плануе ўзнавіцца ва універсітэце пасля зімовай сесіі. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий