|
|
|
Беларускую АЭС могуць наблізіць да Эўразьвязу?09/07/2007 - 04:35 / Радыё СвабодаСёньня кіраўніцтва Нацыянальнай Акадэміі навук упершыню абвясьціла, што беларуская атамная электрастанцыя можа паўстаць не ў Магілёўскай вобласьці, як меркавалася дагэтуль, а на мяжы зь Літвой — нібыта ў адказ на намер гэтай краіны хаваць радыяактыўныя адкіды з Ігналінскай АЭС пры мяжы зь Беларусьсю. Незалежныя экспэрты кажуць, што ў такім выпадку беларускія ўлады займеюць беспрэцэдэнтны “інструмэнт шантажу”. Апроч неаднаразова згаданых Краснапалянскай і Кукшынаўскай на Магілёўшчыне, трымаецца ў запасе месца ў Гарадзенскай вобласьці на мяжы зь Літвой. А.Вайтовіч: “Я ўражаны “важкасьцю” аргумэнтаў” Чыноўнік ня выключыў, што ў пытаньні выбару пляцоўкі канчатковым можа стаць ня толькі геалягічны складнік (грунт для будаўніцтва такога аб’екту ў Беларусі занадта мяккі, што істотна адаб’ецца на кошце будаўнічых працаў), але і палітычны. Як выказаўся Цімашпольскі, калі Літва абвясьціла пра намер хаваць адкіды Ігналінскай АЭС непасрэдна ля мяжы зь Беларусьсю, беларускаму боку гэтаксама трэба разглядаць магчымасьць узьвядзеньня атамных аб’ектаў у гэтым рэгіёне. Былы кіраўнік НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч перадусім зьвяртае ўвагу на тое, што чыноўнік такога рангу ня мае маральнага права рабіць такія заявы. Па-другое, гарадзенская пляцоўка ніколі дагэтуль ня згадвалася сярод патэнцыйных і ўзьнікла як магчымы аргумэнт у спрэчках з Эўропай: “Праводзіліся папярэднія геалягічныя дасьледаваньні з мэтай выбару пляцоўкі для будаўніцтва АЭС. Ніколі пры гэтым ня згадвалася пляцоўка ў Гарадзенскай вобласьці на мяжы зь Літвой. І тое, што сказаў Цімашпольскі — маўляў, краіна мае права будаваць дзе заўгодна на сваёй тэрыторыі, у дадзеным выпадку гучыць як нейкі контраргумэнт, каб будаваць менавіта там. Я проста абураны такой аргумэнтацыяй. Выбар пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС — гэта вельмі адказная рэч. І перш-наперш трэба выканаць усе патрабаваньні тэхнікі бясьпекі. Зусім немалаважны фактар — якраз выбар пляцоўкі. Таму я разглядаю заяву Цімашпольскага ў сувязі зь яго “абгрунтаваньнем” як поўную безадказнасьць перад краінай. Я проста зьдзіўлены, што чалавек, займаючы такую пасаду, можа зыходзіць у сваіх прапановах вось з такіх “аргумэнтаў”. Раней Беларусь пагражала суседняй Літве іншым аб’ектам. На беларуска-літоўскай мяжы было распачатае будаўніцтва гіганцкага сьвінагадоўчага комплексу — больш чым на сто тысяч галоваў. Літоўскія эколягі неаднаразова называлі гэты праект “біялягічнай бомбай запаволенага дзеяньня”. Цяпер там будаўнічыя працы часткова замарожаны – з прычыны недахопу грошай. В.Якавенка: “Будаўніцтва АЭС павінна вырашацца рэфэрэндумам” Кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка лічыць, што вырашэньне такога важнага пытаньня, як будаўніцтва АЭС, без удзелу грамадзянаў Беларусі амаральнае: “Я нямала энэргіі і сілаў сваіх аддаў, каб у пытаньні АЭС дайсьці да нейкай аб’ектыўнай думкі. Аднак нашы ўлады прызвычаіліся самастойна вырашаць такога кшталту праблемы, нават без уліку думак апазыцыйна настроеных да гэтай ідэі спэцыялістаў. Наагул гэта вельмі й вельмі балючае для Беларусі пытаньне. І яно павінна вырашацца праз рэфэрэндум. Але ж вядома, як у нас праводзяцца і рэфэрэндумы, і выбары. Аднак я б ня стаў катэгарычна казаць, што пытаньне з будаўніцтвам АЭС у нас ужо вырашанае. Магчыма, урад і заяўляе пра такое рашэньне, бо вышэйшая ўлада ўраду загадвае, проста абыходзячы меркаваньне народу”. Дагэтуль невядомыя тэрміны ўзьвядзеньня Беларускай АЭС. Чыноўнікі называюць розныя даты — ад 2013 да 2018 гадоў. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий