Пачалася акцыя «Павіншуй палітвязьня з Днём Волі»
03/13/2007 - 21:18 / Хартыя 97
Актывісты Беларускага Хэльсынскага камітэту з Гарадзеншчыны ініцыявалі акцыю “Павіншуй палітвязьня з Днём Волі”. Як паведамляе «Радыё Свабода», праваабаронцы заклікаюць падтрымаць ахвяраў рэжыму віншавальнымі тэлеграмамі, паштоўкамі і лістамі, а таксама дасылаць ў турмы кнігі.
Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель кажа, што акцыя “Павіншуем палітвязьня з Днём Волі” задуманая з мэтай ня толькі падтрымкі зьняволеных, але й як сродак разварушыць сьвядомасьць беларускага грамадзтва.
“Вырашылі пачаць акцыю віншаваньня з Днём Волі -- Днём незалежнасьці, з 25-м сакавіка. Гэта акцыя маральнай падтрымкі палітвязьняў. Хочацца такім чынам паказаць і рэжыму, што людзі памятаюць палітвязьняў. Бо калі няма розгаласу, то няма і праблемы”, -- кажа праваабаронца.
У сьпісе вязьняў, якіх прапануюць падтрымаць гарадзенскія праваабаронцы, восем прозьвішчаў. Гэта палітыкі Аляксандр Казулін, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, маладзёвыя актывісты Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, праваабаронца Кацярына Садоўская, лідэры руху прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Іх паштовыя адрасы зьмешчаныя на сайце Беларускага Хэльсынскага камітэта па адрасе belhelcom.org .
А ці дойдуць віншаваньні з Днём волі да палітвязьняў? У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў адказалі, што ўсю пошту зьняволеныя атрымліваюць. “Цэнзураваньню падлягаюць толькі зьвесткі, якія забароненыя законам: тайны сьледзтва, пытаньні бясьпекі і аховы турмы. А прыватныя зьвесткі, у тым ліку віншаваньні, не забароненыя”, -- адказаў дзяжурны.
Image: www.svitanak.lv
Отправить комментарий