|
|
|
Размова з UltraВожыкам01/24/2006 - 02:39 / UltraВожык
1. Чаму - UltraВожык? Вожык – таму што робім вострую музыку. UltraВожык - таму што вельмі вострую. 2. Калi Вы пачалі i з якой нагоды? Чаму выбралi такi фармат? Мы даўно робім музыку па-за складам UltraВожыка. У 2001 годзе, пасьля «элегантных» выбараў прэзыдэнта вырашылі, што надыйшоў час гэтак жа элегантна падзякаваць прэзыдэнту за яго шчырасьць ды павагу да свайго народу. Зрабілі «Лыжы» ды «Вусатага дэмакрата», зьмясьцілі ў Інтэрнэце разам зь песьнямі іншых прыхільнікаў аўтарытарызму. Народу спадабалася. Таму вырашылі і ў будучыні да гэтага праекту вяртацца. 3. Вы адзiн чалавек цi каманда? Мы – трыё. 4. У Вашай творчасцi, асаблiва першых песьнях, адчуваецца моцны ўплыў «аратарскiх здольнасцей» нашага прэзыдэнта. Чым увогуле прывабны для Вас як стваральнікаў гэты вобраз? Усе вакальныя партыі выкананыя сьпевакамі UltraВожыка. Любыя падабенствы да іншых асобаў – выключна выпадковыя. З прэзыдэнтам мы ніколі не сустракаліся, ён нічым на нас не ўплываў, і мы ўвогуле ня ведаем, хто ён такі. 5. Што Вас натхняе? Больш за ўсё нас натхняе наш духоўны лідар – сабачка Ібрагім. Але таксама вельмі натхняе БТ, Панарама… Часам людзі забываюцца, як добра яны жывуць, ды які нячэсны вакольны сьвет. Але БТ, ОНТ ды СБ нам аб гэтым упарта нагадваюць. Малайцы! І мы таксама будзем час ад часу нагадваць аб сапраўдным стане рэчаў. 6. Як Вы ацэньваеце стан нашай моладзi сеньня? Што яе бянтэжыць, якiя ў яе кумiры, цi маюць сэнс для яе словы свабода, дэмакратыя, альбо ўжо не? Нашая моладзь, у сваёй большасьці, нічога не разумее! Юнакі думаюць, што толькі таму, што маюць па дзьве нагі, дзьве рукі ды галаву, яны – такія ж людзі як і ўсе іншыя народы Эўропы. Яны думаюць, што толькі таму, што іншыя эўрапейскія краіны абралі дэмакратычны лад жыцьця ды паважаюць так званыя правы чалавека, гэта трэба рабіць і нам. Праз нашыя песьні мы намагаемся данесьці да моладзі, што беларусы – гэта не нацыя, а толькі адчэпак вялікай братэрскай Расеі, што стагоддзі эўрапейскай гісторыі больш ня маюць да нас ніякага дачыненьня. Таму нам не патрэбныя аніякія атрыбуты дзяржаўнасьці, акрамя тых, што нагадваюць нам аб нашай належнасьці ды вялікай савецкай айчыне. І дэмакратыя нам не патрэбная, бо яна нясе толькі тэрарызм ды гомасэксуалізм. Гэтага моладзь, чамусьці, не разумее, а шукае куміраў сярод заходніх рок-зорак, у той час калі сапраўдным кумірам трэба лічыць усенародна і чэсна абранага… сабачку Ібрагіма. 7. Дзе Вы знаходзiце сюжэты, тэмы сваiх песьняў? Паўсюль. Дастаткова вочы расплюшчыць. 8. Якiя у вас творчыя пляны? У складзе UltraВожыка плян ранейшы – час ад часу творчым чынам нагадваць нашым людзям аб тым, што з намі робіцца. Хутка вы зможаце пачуць нашую новую кампазыцыю, прызначаную да надыходзячых выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, несумненна самых чэсных у гісторыі краіны. Сайт и музыка UltraВожыка - http://www.luka.rocks.it/ |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий