Третий путь
ГлавнаяНовостиПубликацииДумкарэйКолонкиБиблиотекаВопрос-ответСсылки о нас
ru bydeeng Прямое действие:
Либеральный взгляд
Врагом хорошего должно быть лучшее
читать похожие материалы

цитата:
Самое большое рабство — не обладая свободой, считать себя свободным
И. Гете
связь с нами:
Если вам интересно то что мы делаем - не стесняйтесь писать письма. Мы будем рады.
       контакт       
Партнеры:
Office for a Democratic Belarus (Brussels)
неправительственная белорусская лобби организация в Брюсселе
«Инициатива»
для тех, кто хочет действовать
«BIE.EE»
Беларускія Ініцыятывы ў Эстоніі - гістарычна-краязнаўчая старонка беларусаў у Эстоніі.
« октябрь 2008
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
    1 2 3 4 5
6 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31    

Белыя пачынаюць і выігрываюць


01/21/2006 - 13:00 / Баўтрамей Горбач

 

Зьбігнеў Бжазінскі "Вялікая шахматная дошка - Амэрыканскае панаваньне і яго геастратэгічныя імпэратывы" (Zbigniew Brzezinski. The Grand Chessboard - American Primacy and Its Geostrategic Imperatives).

Амэрыканскія войскі - гарант бясьпекі цэлых рэгіёнаў і кантынэнтаў. Амэрыканская эканоміка - стрыжань эканомікі ўсясьветнае. Амэрыканская культура - эталён для ўсяе сучаснае чалавечае культуры. Амэрыканская навука - авангард прагрэсу цывілізацыі. Амэрыканская палітычная сыстэма - абрашчык і арыентыр для прагрэсіўнай часткі насельніцтва плянэты.

Мала проста сказаць, што Амэрыка грае першую ролю ўва ўсясьветнай палітыцы. Пасьля падзеньня камуністычнае сыстэмы ЗША - безумоўны гегемон не большай частцы зямное кулі.

Амэрыка ёсьць сёньня цэнтар сьвету, цэнтар, якога раней гэты сьвет ніколі яшчэ ня меў. Рым не валодаў землямі далей за Міжземнаморскае ўзьбярэжжа, Аляксандар Вялікі не пайшоў далей Індыі, а манголы не дайшлі далей за Вугоршчыну. Заваёўваўшым не зброяй, але далярам і Мікі Маўсам, амэрыканцам сёньня літаральна належыць увесь сьвет, як ён ніколі не належал нікому.

Найбольш вядомая праца былога дарадцы прэзыдэнта ЗША Зьбігнева Бжазінскага - пра гэта.

"Вялікая шахматная дошка" - кароткі, але трапны агляд сучаснага стану ў міжнароднай палітыцы, характарыстыка ролі і мейсца ЗША ў сусьветнай сыстэме. Аўтар апісвае характар і вытокі сёньняшняе амэрыканскае глябальнае дамінацыі, параўноўваючы яе зь іншымі магутнымі дзяржавамі мінулага – з Рымам, Кітаем, Манголіяй. Ён выводзіць, што ЗША - першая сапраўдная "ўсясьветная дзяржава", якімі ня былі ані каляніяльныя імпэрыі мінулага, ані СССР у 20. стагодзьдзі.

«Амэрыка займае дамінуючыя пазыцыі ў чатырох маючых вырашальнае значэньне сфэрах усясьветнае ўлады: у вайсковай сфэры яна валодае глябальнымі магчымасьцямі разгортваньня, ня маючых сабе раўных; у сфэры эканомікі застаецца рухавіком усясьветнага разьвіцьця, нават ня гледзячы на канкурэнцыю ў асобных галінах з боку Японіі і Нямеччыны (...); у тэхналягічных адносінах яна захоўвае абсалютнае лідарства ў перадавых галінах навукі і тэхнікі; у сфэры культуры, ня гледзячы на яе пэўную прымітыўнасьць, Амэрыка прыцягальная, як ніхто іншы, асабліва для моладзі ўсяго сьвету, — усё гэта забясьпечвае Злучаным Штатам палітычны ўплыў, блізкага да якога ня мае ніводная дзяржава ў сьвеце. Менавіта спалучэньне ўсіх гэтых чатырох фактараў робіць Амэрыку адзінай усясьветнай звышдзяржавай у сапраўдным сэньсе гэтага слова.»

Усё гэта, між тым, накладае на Амэрыку асаблівыя абавязкі як гаранту міру і бясьпекі ў сьвеце. З амэрыканскай пазыцыі Бжазінскі аглядае расклад сілаў на асноўных пляцоўках сьвету.

Асноўным мейсцам сутыкненьня інтарэсаў розных гульцоў, канцэнтрацыі рэсурсаў, галоўнай "шахматнай дошкай" плянэтарнага значэньня Бжазінскі справядліва называе Эўразію. Кантроль над Эўразіяй – вось на што павінна быць накіраваная зьнешняя палітыка ЗША дзеля захаваньня яе паноўчага становішча.

«Галоўны геапалітычны прыз для Амэрыкі – гэта Эўразія. Палову тысячагодзьдзя пераважны ўплыў ува ўсясьветных справах мелі эўразійскія дзяржавы і народы, якія змагаліся адзін з адным за рэгіянальнае панаваньне і намагаліся дасягнуць глябальнае ўлады. Сёньня ў Эўразіі кіруючую ролю грае неэўразійская дзяржава, і глябальнае першынства Амэрыкі непасярэдна залежыць ад таго, наколькі доўга і эфэктыўна будзе захоўвацца яе перавага на Эўразійскім кантынэнце.»

[…]

«Эўразія, такім чынам, яўляе сабой шахматную дошку, на якой працягваецца барацьба за ўсясьветнае панаваньне. Хаця геастратэгію – стратэгічнае кіраваньне геапалітычнымі інтарэсамі – можна параўнаць з шахматамі, на эўразійскай шахматнай дошцы, якая мае авальную форму, гуляюць ня два, а некалькі гульцоў, кожны зь якіх мае розную ступень сілы.»

Асноўныя суб'екты ў вялікіх эўразійскіх шахматах - Эўропа, Расея, Кітай, Японія. Гэтым гульцам, іх аналізу і прагнозу будучага магчымага разьвіцьця праз прызму выгады для Амэрыкі, Бжазінскі надае асаблівую ўвагу.

Эўропа – галоўны хаўрусьнік Амэрыкі, належыць да адной зь ёй цывілізацыі і ёсьць яе сатэліт цягам апошніх пяцідзесяці гадоў. Памяць пра дзьве разбуральныя Ўсясьветныя войны, галоўнай арэнай якіх і была маленькая Эўропа, жаданьне эканамічнага аздараўленьня і небясьпека з боку агрэсіўнага камуністычнага блёку спрыялі аб’яднаньню Эўропы ў адзіны палітычны і эканамічны блёк – Эўрапейскую супольнасьць, а потым – у Эўрапейскі Зьвяз. У сэрцы эўрапейскага аб’яднаньня – Нямеччына і Францыя, якія маюць адпаведныя сфэры ўплыва ў Эўропе і спалучаюць Эўропу ў адзінае ўтварэньне. У апошнія гады, між тым, назіраецца пэўная стагнацыя эўрапейскай інтэграцыі, бо да сярэдзіны 90-х гадоў усе згаданыя тры аб’яднаўчыя фактары згубілі сваю актуальнасьць, людзі перасталі бачыць сэнс і вартасьць аб’яднаньня, а рухавіком эўраінтэграцыі засталася толькі кіруючая эліта і бюракратыя.

Усё гэта робіць неабходным умяшальніцтва Амэрыкі падтрыманьня і стымуляваньня разьвіцьця Эўрапейскага Зьвязу. Амэрыцы патрэбная адзіная, моцная Эўропа, бо

«Эўропа таксама служыць трамплінам для далейшага прасоўваньня дэмакратыі ўглыб Эўразіі. Пашырэньне Эўропы на ўсход можа замацаваць дэмакратычную перамогу 90-х гадоў. На палітычным і эканамічным узроўні пашырэньне адпавядае тым па сутнасьці цывілізатарскім мэтам Эўропы, якая звалася Эўропая Пётры, якія вызначаліся старажытнай і агульнай рэлігійнай спадчынай, пакінутай Эўропе заходняй галіной хрысьціянства»

Эўропа – “найважнейшы геапалітычны пляцдарм” ЗША. Пакуль Эўропа ёсьць хаўрусьнікам і фактычным пратэктаратам ЗША, пашырэньне ЭЗ азначае пашырэньне сфэру ўплыву ЗША, уцягненьне ў яе новых і новых краінаў. Надаць новы імпульс пашырэньню Эўропы – важнейшая задача ЗША.

«Цэнтральнае пытаньне для Амэрыкі – як пабудаваць Эўропу на грунце франка-нямецкага аб'яднаньня, Эўропу жыцьцездольную, па-ранейшаму зьвязаную са Злучанымі Штатамі, якая пашырае рамкі міжнароднай дэмакратычнай сытэмы супрацоўніцтва, ад чаго гэтак моцна залежыць ажыцьцяўленьне амэрыканскага глябальнага пяршынства.»

Расея і навакольныя краіны былога СССР абазначаныя Бжазінскім як “чорная дзірка”. Аўтар апісвае і дае характарыстыку новай геапалітычнай сытуацыі, якая стварылася пасьля распаду СССР на паўтары дзясяткі краінаў, ледзьве гатовых да незалежнасьці і Расею, паглынутую сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай крызай. Зьнікненьне паўтысячагадовай імпэрыі стварыла вакуўм на яе былых абшарах, новая Расея апынулася перад новымі выклікамі і небясьпекамі на сваіх межах. Унутры Расеі пачаліся хістаньні і пошукі новай нацыянальнай ідэі і ідэнтычнасьці.

Адначасова фармавалася і новыя канцэпцыі ўзаемадачыненьняў Расеі зь нядаўным супернікам з ЗША. Бжазінскі выводзіць тры асноўныя накірункі ідэяў:

«1. Прыярытэт “зрэлага стратэгічнага партнэрства” з Амэрыкай, што для некаторых прыхільнікаў гэтай ідэі было насамрэч тэрмінам, пад якім зашыфраваны глябальны кандамінімум
2. Акцэнт на “блізкае замежжа” як на аб’ект асноўнага інтарэсу Расеі, пры гэтым адныя абараняюць нейкую мадэль эканамічнае інтэграцыі пры дамінаваньні Масквы, а іншыя таксама разьлічваюць на магчымую рэстаўрацыю нейкага імпэрскага кантролю з стварэньнем такім чынам дзяржавы, здольнай ураўнаважыць Эўропу і Амэрыку
3. Контар-альянс, які разумее пад сабой стварэньне нечага накшталт эўразійскае антыамэрыканскае кааліцыі, якая перасьледуе зьнізіць дамінацыю Амэрыкі ў Эўразіі»

У першыя постсавецкія гады першая канцэпцыя сапраўды была прыярытэтнай у пабудове зьнешняй палітыкі Расеі, ня гледзячы на яе відавочную наіўнасьць і ілюзорнасьць – але зь цягам часу яе нерэальнасьць стала відавочнасьць і яна была адрынутая.

«Хаця канцэпцыя “зрэлага стратэгічнага партнэрства” і лашчыць вока і вуха, яна падманлівая. Амэрыка ніколі ня мела намеру дзяліць уладу на зямной кулі з Расеяй, дый не магла гэтага зрабіць, нават калі б хацела. Новая Расея была проста занадта слабой, занадта разбуранай 75 гадамі кіраваньня камуністаў і занадта адсталай сацыяльна, каб быць рэальным партнэрам Амэрыкі ў сьвеце. Па меркаваньні Вашынґтона, Нямеччына, Японія і Кітай як мінімум гэтак сама важныя і ўплывовыя. Больш за тое, па некаторых цэнтральных геастратэгічных пытаньнях, якія яўляюць сабой цікавасьць для Амэрыкі, - у Эўропе, на Бліскім Усходзе і на Далёкім Усходзе – імкненьні ЗША і Расеі вельмі далёкія ад супадзеньня. Як толькі небазьбежна пачалі ўзьнікаць спрэчкі – з-за дыспрапорцый у палітчынай моцы, фінансавых магчымасьцей, тэхналягічных новасьцей і культурнае прыцягальнасьці – ідэя “зрэлага стратэгічнага партнэрства” стала падавацца штучнай, і ўсё больш расейцаў лічуць яе высунутай адмыслова дзеля падману Расеі.»

Дзьве астатнія апісаныя канцэпцыі сталіся этапамі далейшага разьвіцьця зьнешняе палітыкі Расеі (дадамо, у тым ліку і ў пуцінскую эпоху). Бжазінскі піша і пра расчараваньне расейцаў у такой палітыцы, і пра спробы пераарыентацыі на дамінаваньне на постсавецкай прасторы, якія пацярпелі паразу з-за немагчымасьці прыцягнуць да гэтых гульняў буйнейшую краіну СНД – Украіну. Пасьля гэтага Расея пачала пошук партнэраў для стварэньня альянсу супраць ЗША. Бжазінскі паказвае нерэалістычнасьць трывалага антыамэрыканскага хаўрусу Расеі зь Іранам і Кітаем, дзе Расею чакае роля “малодшага брата” Кітая, а Кітай - рызыка страты заходніх інвэстыцый, на якія завязаная яго эканоміка. Таксама нерэалістычны хаўрус, які б сягаў па-за дробныя тактычныя мэты, Расеі зь Нямеччынай і/ці Францыяй, якія не зацікаўленыя губляць сваю стратэгічную сувязь з ЗША.

Згодна з Бжазінскім, адзінай рэалістычнай стратэгіяй для Расеі, якая б дазволіла ёй максымізаваць сваю вагу ў сусьветнай палітыцы і атрымаць найбольшыя выгады – гэта далучэньне да супольнасьці эўрапейскіх дэмакратый. Такая Расея, паводле словаў Бжазінскага, і патрэбная Злучаным Штатам: дэмакратычная і эканамічна разьвітая, але безь імпэрскіх амбіцый і надзейна інтэграваная ў эўраатлянтычную супольнасьць.

«Для Расеі адзіны геастратэгічны выбар, у выніку якога яна магла б граць рэальную ролю на міжнароднай арэне і атрымаць максымальную магчымасьць трансфармавацца і мадэрнізаваць сваё грамадзтва, - гэта […] трансатлянтычная Эўропа з пашыраючыміся ЭЗ і NATO.»

На гэтым шляху яе чакаюць шматлікія перашкоды, у першую чаргу зьвязаныя зь пераадоленьнем рэваншысцкіх імпэрскіх настрояў і жаданьня будаваць антыамэрыканскія кааліцыі на базе Эўропы.

«Для многіх расейцаў дылема гэтай адзінай альтэрнатывы можа апынуцца спачатку і цягам пэўнага часу ў будучыні занадта цяжкай, каб яе разбурыць. Для гэтага запатрабуецца вялізарны акт палітычнае волі, а таксама, магчыма, і выдатны лідар, здольны зрабіць гэты выбар і сфармуляваць бачаньне дэмакратычнай, нацыянальнай, сапраўды сучаснай і эўрапейскай Расеі.»

На Далёкім Усходзе Амэрыцы жыцьцёва важна мець там свой апорны пункт, каб граць галоўную ролю і ў гэтым шчыльна населеным, стратэгічна вельмі важным рэгіёне. Сытуацыя тут вызначаецца супрацьстаяньнем Кітая і Японіі. Амэрыка традыцыйна ёсьць хаўрусьнікам і патронам Японіі, але і з Кітаем ЗША зьвязвае ранішняе супадзеньне інтарэсаў. Сёньня, калі Кітай паступова заяўляе прэтэнзіі на ўсясьветнае значэньне – прэтэнзіі, якія гэтае “Гаспадарства Сярэдзіны” мае з старажытнасьці, а ЗША шчыльна зьвязаныя з канкурэнтамі і праціўнікамі Кітая ў рэгіёне, паўстае пытаньне аб будучым магчымым сутыкненьні ЗША і Кітаем.

«Іншымі словамі, у бліжэйшай будучыні роля Амэрыкі на Далёкім Усходзе Эўразіі будзе вызначацца дзьвюма геапалітычнымі праблемамі, маючымі цэнтральнае значэньне і непасярэдна зьвязанымі паміж сабой:
1. Наколькі практычна магчымае і прымальнае для Амэрыкі пераўтварэньне Кітая ў дамінуючую рэгіянальную дзяржаву, і наколькі рэальнае яго мацнеючае імкненьне да статусу ўсясьветнае дзяржавы?
2. Калі Японія сама імкнецца граць глябальную ролю, якім чынам можа Амэрыка зладзіць з рэгіянальнымі пасьледзтвамі непазьбежнага нежаданьня Японіі працягваць мірыцца з статусам амэрыканскага пратэктарату?»

Адказам на гэтыя пытаньні і займаецца Бжазінскі.

Аналізуючы Кітай, Бжазінскі робіць экскурс у старажытную гісторыю гэтай дзяржавы, яе спрадвечную прэтэнзію на статус цэнтру сьвету, цэнтру чалавечае цывілізацыі. Гэты нацыяналізм, падтрыманы жаданьнем рэваншу за апошнія 150 гадоў прыніжэньня, рухае Кітай і дагэтуль, хай у форме пачуцьця сваёй адметнасьці ў камуністычным антуражы. Буйныя посьпехі Кітая ў сфэры эканомікі, вялізнае насельніцтва, моцны ўплыў Кітая ў Азіі, магутныя ўзброеныя сілы даюць шмат нагодаў меркаваць аб надыходзячай эпосе кітайскай дамінацыі ў сьвеце.

На гэты конт Бжазінскі робіць некалькі важных выкладак, якія ставяць пад сумнеў будучыню кітайскай дамінацыі. Па-першае, няма гарантый працягу такога ж самага імклівага росту кітайскай эканомікі. Наадварот, такі працяг быў бы магчымы толькі пры ўдалым для Кітая зьбегу шэрагуабставінаў. Перад Кітаем паўстаюць праблемы і з энэргазабясьпечаньнем сыстэмы, і харчаваньнем для растучага мільярднага насельніцтва, і з нераўнамерным характарам прагрэсу як па рэгіёнах, так і па сацыяльным слаях. Па-другое, эканамічны прагрэс Кітаю чым далей, тым болей будзе ўступаць у супярэчаньне з адсталай таталітарнай палітычнай сыстэмай. Разьвітая эканоміка, глябалізацыя, у тым ліку і інтэлектуальнае, інфармацыйнае прасторы, чым далей, тым мацней будуць патрабаваць дэмакратыі і свабоды. І тут Кітаю застаецца альбо самаізаляцыя, якая перакрэсьлівае кітайскі далейшы прагрэс і ў выніку заканчаецца выбухам, альбо паступовая дэмакратызацыя, якая патрабуе максымум прафэсіяналізма і акуратнасьці ад кіраўніцтва краіны.

Такім чынам, Бжазінскі ацэньвае як малаверагоднае пераўтварэньне Кітаю ў сілу сусьветнага маштабу цягам бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў. Пры гэтым ён пакідае бясспрэчнай будучую ролю Кітая як важнейшае дзяржавы рэгіянальнага ўзроўню, зь якой Амэрыцы будзе неабходна ўзаемадзейнічаць.

Важную ролю ў рэгіёне ўвогуле і ў амэрыканска-кітайскіх дачыненьнях у прыватнасьці грае Японія.

Павержаная ў Другой Сусьветнай вайне і з таго часу фактычна зьяўляючаяся пратэктаратам ЗША, Японія здолела пасьпяхова пераняць перадавыя тэхналёгіі і эканамічныя мадэлі ў Захаду і стаць адной з буйнейшых эканомік сьвету. Тым ня меней, яна застаецца моцна залежнай ад многіх фактараў, і ў першую чаргу – ад Амэрыкі.

«Японія адначасова багатая, дынамічная і эканамічна моцная, але таксама і рэгіянальна ізаляваная і палітычна абмежаваная з-за свае залежнасьці ў сфэры бясьпекі ад магутнага суседа, які, як апынулася, зьяўляецца галоўным вартаўніком сусьветнае стабільнасьці (ад якой гэтак залежыць Японія), а таксама галоўным эканамічным супернікам Японіі.»

Гэтаксама як і Кітай, Японія мае традыцыйна моцнае пачуцьце ўласнае нацыянальнае годнасьці і імкненьня да асаблівае ролі, да асабліага значэньня ў сусьветнай і рэгіянальнай палітыцы. Тым ня меней, яна ня мае патэнцыялу, каб стаць рэгіянальным лідарам у Азіі, бо ня мае сярод краінаў рэгіёну шчыльных хаўрусьнікаў, але мае шмат традыцыйных недобразычліўцаў. Кітай мае шмат болей моцы і ўплыву ў рэгіёне, каб для Японіі не заставалася іншага выбару, акрамя будаваньня рэгіянальнай палітыкі з прызнаньнем першынства Кітаю.

Бжазінскі бачыць для Японіі “не рэгіянальную, але глябальную” ролю як ня проста сатэліта ЗША, але як актыўнага ўдзельніка вырашэньня праблемаў ува ўсіх частках плянэты.

«эканамічна магутная Японія, асабліва тая, што канкуруе з Амэрыкай, ня можа быць проста працягам амэрыканскае зьнешняе палітыкі, пазьбягаючы любое міжнароднае палітычнае адказнасьці.»

[…]

«Таму што ператварэньне ў дамінуючую рэгіянальную дзяржаву ня ёсьць практычна ажыцьцяўляльнай мэтай і таму што без рэгіянальнае базы набыцьцё сапраўды ўсеадбымнай глябальнай моцы нерэальнае, сьледуе, што Японія можа, прынамсі, набыць статус глябальнага лідара праз актыўны ўдзел у міратворчых апэрацыях на зямной кулі і эканамічнае разьвіцьцё.»

Аўтар разглядае розныя пашыраныя ў Японіі канцэпцыі яе зьнешняе палітыкі. На аснове зробленага аналізу ён выводзіць і патрэбную схему паводзінаў Амэрыкі ў рэгіёне Далёкага Ўсходу – таксама накіраваную на захаваньне амэрыканскай дамінацыі. ЗША павінны спрыяць ператварэньню Японіі ў “больш магутны і ўплывовы эквівалент Канады” і стрымліваньне разьвіцьця Кітаю ў сусьветнага лідара дзеля захаваньня статусу-кво.

«Адмова ад мінулае зацыкленасьці на пагрозе, якая нібыта зыходзіць ад эканамічнага ўздыму Японіі, і пераадоленьне страху перад палітычнымі мускуламі Кітаю дапамаглі б удыхнуць халодны рэалізм у палітыку, якая павінна базавацца на пільным стратэгічным разьліку: як накіраваць энэргію Японіі ў міжнароднае рэчышча і як кіраваць моцай Кітая ў інтарэсах рэгіёну.»

- рэзюмуе Бжазінскі.

На фоне ўзаемадачыненьняў вялікіх эўразійскіх "кітоў" у кнізе, натуральна, ледзьве знайшлося мейсца для Беларусі. Тым ня меней, наша краіна таксама некалькі разоў згадваецца ў розных кантэкстах, і гэта ня можа ня выклікаць зацікаўленнасьць у беларускага чытача. Беларусь разглядаецца Зьбігневам Бжазінскім як краіна, якая адначасова належыць да розных палітычных рэгіёнаў Эўразіі. З аднаго боку, Беларусь – частка постсавецкае прасторы, зь якой дэмакратычныай Эўропе і Захаду яшчэ належыць мацаваць сувязь. Зь іншага боку, Беларусь разглядаецца і як частка рэгіёну Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы, разам з Украінай і краінамі Балтыі, праз Польшчу належачая да нямецкае зоны гістарычнага ўплыву і сёньняшніх асаблівых інтарэсаў, да нямецкае Mitteleurop’ы.

Беларусь – “найбольш зрусыфікаваны” сусед Расеі, актыўны ўдзельнік постсавецкае інтэграцыі і адзіная постсацыялістычная краіна, дзе Маскве атрымалася захаваць сваю дамінацыю. Беларусь знаходзіцца сам-на-сам у “саюзе” з Расеяй, што пагражае яе простым паглынаньнем вялікім суседам. Таксама Беларусь – апошні і маласымпатычны ваенны партнэр Расеі.

Згаданыя факты, аднак, пакідаюць верагоднасьць таго, што і ў Беларусі ў рэшце рэшт пераможа нацыянал-дэмакратычная ідэалёгія ўсходнеэўрапейскага кшталту. Амэрыцы выгадней, каб Беларусь была адной з заходніх дэмакратый, паміж дэмакратычнай Эўропай і дэмакратычнай Расеяй Бжазінскі адводзіць ёй мейсца толькі там.

Бжазінскі малюе карціну ўсясьветнай палітыкі з боку гледжаньня гаспадара глябальнага парадку. Бесцырымоннага, драпежнага, цынічнага сусьветнага паліцыянта, які ня церпіць на сваім шляху супрацьстаяньня. Ён літасьціва піша пра зацікаўленасьць Амэрыкі ў добрабыце яе канкурэнтаў і васалаў – Эўропы, Кітаю, Расеі, Японіі. Але ж зразумелым робіцца і тое, што матывацыя для гэтага не міласэрнасьць і гуманнасьць, а элемэнтарны халодны разьлік на тое, што з сытым і задобраным канкурэнтам прасьцей мець справу і прасьцей маніпуляваць, чым канкурэнтам галодным, злым і непрадказальным. У монапалярным амэрыканскім сьвеце няма мейсца плюралізму і дэмакратыі на геапалітычным ўзроўні.

Цалкам лягічна, што “Вялікая шахматная дошка” была і ёсьць настольнай кнігай антыамэрыканістаў і ворагаў “новага сусьветнага парадку” як яскравая ілюстрацыя намераў амэрыканскага імпэрыялізму.

Тым ня меней, варта зірнуць на праблему і зь іншага боку.

Амэрыка сталася сусьветным гегемонаў зь некалькіх прычынаў. У першую чаргу, гэта амэрыканская эканоміка, якая пасьля дзьвюх Усясьветных войнаў у Эўропе сталася стрыжнем эканомікі усясьветнай. Злучаныя Штаты сталіся крэдыторам, а часьцяком і проста фундатарам пасьляваеннае Эўропы, Японіі. Цэлыя кантынэнты падняліся дзякуючы амэрыканскай эканоміцы, галоўныя сёньняшнія эканамічныя гранды – Эўропа, Японія, Паўднёвая Карэя – абавязаныя сваім росквітам Злучаным Штатам. Амэрыка выйграла гонку ўзбраеньняў з СССР, неэфэктыўная эканоміка якога ў выніку развалілася пад цяжарам ВПК. Па-другое, гэта, натуральна, амэрыканскія войскі, ваенная машына ЗША, самая моцная ў сьвеце. Сотні тысячаў жаўнераў ад Іраку да Грэнляндыі, ад Японіі да Нямеччыны. Стальны кулак Вашынгтона, які наводзіць парадак у таталітарным Іраку і тэрарыстычным Аўганістане.

Але ня гэта самае галоўнае, на чым грунтуецца амэрыканская дамінацыя. ЗША сталіся ўсясьветнай дзяржавай у першую чаргу дзякуючы прапанаванай гэтаму сьвету сацыяльна-палітчынай мадэлі амэрыканскай дэмакратыі; дзякуючы вартасьцям, прыцягальным не для дзяржаваў і ўрадаў, а для простага чалавека, для асобнай пэрсоны і грамадзяніна. Штаты прапанавалі асобнаму чалавеку індывідуальную свабоду і індывідуальныя магчымасьці, якія для кожнага ва ўсім сьвеце былі вышэй за інтарэсы ўмоўнай “Радзімы”, ад імя якой выступалі таталітарныя рэжымы. Амэрыка, як полінацыянальная і поліканфэсійная краіна імігрантаў, сталася “міжнароднай” супольнасьцю, праз дыяспары зьвязанай з сотнямі народаў і моваў і таму па дэфініцыі пазбаўленая пэрспэктываў шавінізму і вузкага нацыяналізму. Наадварот, рознасьць паходжаньняў у выніку ўвасобілася для амэрыканцаў у падкрэсьленьні сваёй асаблівасьці, індывідуальнасьці кожнага чалавека.

Чалавек – вось першасны складнік амэрыканскай нацыі, чалавек, а не традыцыі – галоўная вартасьць яе ідэалёгіі. Амэрыканскі патрыятызм пачынаецца з самапавагі і ўласнае годнасьці, а не зь любові да ўвасабляючых “Радзіму” састарэлых патрыярхальных парадкаў. Амэрыканскі патрыятызм – гэта адзіненьне з такімі ж самымі вольнымі людзьмі вакол цябе, а не, напрыклад, падпарадкаваньне "богапамазанаму" Бацьку айчыны.

Астатняе чалавецтва апынулася дагэтуль няздатнае прапанаваць канкурэнтаздольную ідэалёгію і сфармаваць такім чынам альтэрнатыўны Амэрыцы полюс уплыву. Учора - камуністычны СССР, а сёньня - Кітай і ісьлям нясуць з сабой гвалт і несвабоду, таму ніколі ня стануць панаваць над чалавецтвам, якое заўжды будзе чыніць супраціў таталітарызму. Эўропа, хоць і ёсьць дэ-факта радзімай дэмакратыі, пабудаванай у ЗША, але ўсё роўна плыве дагэтуль больш-менш у амэрыканскім фарватэры. Эўропа беспасьпяхова дэманструе спробы “варыяцый на тэму”, якія ўсё роўна апыноўваюцца асуджанымі на паразу. Тут і неэфэктыўная “сацыяльная рынкавая эканоміка”, і бяззубая палітычная карэктнасьць па-заходнеэўрапейску, якая ператварылася ў талерацыю да барбарства і няздольнасьць да абароны сваіх правоў і сваёй свабоды.

Амэрыка супрацьстаіць таталітарным рэжымам у сьвеце і робіць больш за ўсіх дзеля распаўсюду свабоды. Хочам мы таго ці не, але факт застаецца фактам. Толькі пад час сусьветнага панаваньня ЗША большасьць зямнога насельніцтва пачала жыць ва ўмовах больш-менш дэмакратычных рэжымаў. Дэмакратыя і свабода як фактары канкурэнтаздольнасьці і перадумовы максымальнага раскрыцьця чалавечага патэнцыялу толькі дзякуючы Злучаным Штатам атрымалі сваю бясспрэчнасьць. Амэрыка робіць гэта ў сваіх інтэрэсах, якія часьцей за ўсё супярэчаць інтарэсам іншых дзяржаваў, але супадаюць зь інтарэсамі іх індывідуальных грамадзянаў і чалавечае цывілізацыі як такой.

Зьбігнеў Бжазінскі заканчае сваю кнігу разьдзелам “Пасьля апошняй сусьветнай звышдзяржавы”, дзе ён лягічна прадбачыць ранейшы ці пазьнейшы скон амэрыканскага сусьветнага парадку і паказвае неабходнасьць выкарыстаньня гістарычнага шансу ЗША для прыдачы далейшаму разьвіцьцю сьвета дэмакратычнага імпульсу.

Ніводная краіна ўжо ня зможа заняць месца Амэрыкі ў гэтым сьвеце. Бжазінскі прагназуе прыход на зьмену амэрыканацэнтрычнаму сусьветнаму парадку сыстэму міжнароднае міждзяржаўнае каапэрацыі з актыўнай роляй глябальнае грамадзкае супольнасьці, глябальнай сеткі некамэрцыйных арганізацый і супольнасьцяў. Цяжка ацаніць верагоднасьць спраўджаньня гэтага сцэнару, верагоднасьць пераадоленьня дэмакратыяй шматлікіх выклікаў сучаснасьці. Але адноебясспрэчна - што гэта быў бы лепшы сьвет, чым той, да якога нас хочуць весьці ворагі Амэрыкі.

 

Баўтрамей Горбач

Отправить комментарий

  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Допускаются только следующие теги HTML: <a> <em> <strong> <cite> <code> <ul> <ol> <li> <dl> <dt> <dd>
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.

Подробнее о форматировании

Captcha Image: you will need to recognize the text in it.
Введите код подтверждения с картинки
ГлавнаяНовостиПубликацииДумкарэйКолонкиБиблиотекаВопрос-ответСсылки о нас
2004-2008 © «Третий Путь». При полном или частичном использовании материалов ссылка на «Третий Путь» обязательна.
Связаться с нами можно по e-mail: judi@3dway.org или телефону: +1 347 4109015