Івана Шылу выкінулі са школы 06/04/2008 - 01:17 / Наша Ніва 3 чэрвеня намесьнік старшыні незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту» Іван Шыла быў выключаны з салігорскай сярэдняй школы №4. Прычым, адбылося гэта за дзень да апошняга іспыту, які Іван мусіў здаваць у сераду.
Яшчэ напрыканцы траўня ў школе праходзіў пэдсавет, каб не дапусьціць хлопца да іспытаў, але настаўнікі адзінагалосна прынялі рашэньне — дапусьціць Шылу да экзамэнаў. Іван пасьпяхова здаў матэматыку і расейскую мову, заставалася толькі апошняе выпрабаваньне — ангельская мова.
Прыкладна ў гэты самы час у горад гарнякоў прыехала адмысловая камісія зь Менску, якая, па словах некаторых з пэдагогаў, патрабавала, каб маладзёну ўсё ж ня выдалі атэстат аб сярэдняй адукацыі. Прапаноўвалася нават ануляваць вынікі першых іспытаў, нібыта хлопец сьпісваў, але пэдагагічны калектыў зноў адмовіўся пайсьці на гэты крок.
Як кажа Іван, на дырэктарку школу рабіўся пастаянны ціск. З гэтай нагоды Вольга Сянькова нават напісала заяву аб звальненьні, звольнілі і намесьніка дырэктара па выхаваўчай працы. Перад фактам звальненьня таксама апынуліся начальнік аддзелу адукацыі гарвыканкаму і яшчэ тры намесьнікі дырэктара школы.
У аўторак 3 чэрвеня ў гарвыканкаме ў тэрміновым парадку была скліканая камісія па справах непаўналетніх, якая і прыняла ізноў жа адзінагалоснае рашэньне аб выключэньні Івана Шылы са школы. Такім чынам, хлопец ня зможа здаць апошні іспыт для атрыманьня дыплёму.
Іван усё адно зьбіраецца заўтра ісьці на экзамэн, бо лічыць такое рашэньне незаконным.
«Па‑першае, мяне выключалі за маёй адсутнасьцю. Па‑другое, калі мяне ўжо дапусьцілі да іспытаў, то ня маюць права пазбаўляць магчымасьці іх здаць бяз важкай прычыны», — кажа І.Шыла.
На думку хлопца, найхутчэй гэта робіцца з той прычыны, каб ён ня змог паступіць у айчынныя ВНУ.
«Калі своечасова не атрымаю дыплём, то давядзецца зьвяртацца ў суд», — гаворыць ён.
Нагадаем Іван Шыла летась быў прызнаны вінаватым па крымінальнай справе за дзейнасьць ад імя «Маладога фронту», але абмежаваўся папярэджаньнем. На рахунку хлопца дзесяткі затрыманьняў і адміністрацыйных пратаколаў. Непаўналетні Іван зьяўляецца адным з найбольш яркіх рэгіянальных актывістаў апазыцыі. комментарии: 2
Махмуд прамахнуўся 06/04/2008 - 01:14 / Наша Ніва Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінеджад на месяц раней павіншаваў свайго беларускаг калегу Аляксандра Лукашэнку з Днём Незалежнасьці.
Віншаваньне іранскага лідэра, тамтэйшыя газэты надрукавалі 2 чэрвеня.
Паводле Ахмадзінеджада, беларуска‑іранскія стасункі прыносяць карысьць як абедзьвюм краінам, так і падтрыманьню міра і бясьпекі на планеце ў цэлым. комментарии: 0
«Белорусская военная газета» параўнала Анджэя Вайду з Гёбэльсам 06/04/2008 - 00:59 / Наша Ніва Крытыцы фільму Анджэя Вайды «Катынь» адведзена першая паласа цэнтральнага органу Міністэрства абароны Белорусская военная газета «Во славу Родины» за 31 траўня.
«Хто й навошта фальсіфікуе ваенную гісторыю краінаў Усходняй Эўропы, вядома», — піша аўтар артыкулу «На Гёбельсаў капыл» Уладзімер Кажэўнікаў, — «ім карціць перасварыць славянаў, нацкаваць адно на аднога прадстаўнікоў розных хрысьціянскіх веравызнаньняў…».
Хто «яны», не ўдакладняецца, але сьцьвярджаецца, што нядаўна гэтыя неназваныя «добразычліўцы» паспрабавалі «ўсхваляваць грамадзкасьць, падштурхнуць да дэбатаў на даўным-даўно абмеркаваную тэму».
Гаворка пра фільм Анджэя Вайды «Катынь», у якім знакаміты польскі рэжысёр распавядае пра забойства некалькіх тысяч польскіх афіцэраў і грамадзянаў у Катыньскім лесе ў 1940 г. Фільм сёлета намінавалі на «Оскар» як найлепшы замежны фільм.
«Задума распаўсюджваць у Беларусі на пірацкіх дысках «гістарычны» фільм 82‑гадовага польскага кінарэжысёра А. Вайды «Катынь» пацярпела няўдачу», — заяўляе У. Кажэўнікаў.
Аўтар «Капылу…» лічыць фільм прымітыўнай, абсалютна пазбаўленай эстэтычных вартасьцяў палітычнай пустышкай. Між тым, па дарозе ў рэдакцыю я бязь цяжкасьцяў знайшоў гэты фільм у першым жа пункце гандлю DVD‑прадукцыяй — на самым бачным месцы, коштам 10 тысяч рублёў за дыск.
Газэта называе «Катынь» самым дурным з усіх фільмаў Вайды — «палітычным кічам, за які робіцца сорамна».
«Фільм, зь яго лютай нянавісьцю да Чырвонай Арміі, скроены й сшыты на капыл гёбэльсаўскае прапаганды».
Аднак на думку кіназнаўцы Андрэя Расінскага, карціна зусім не прапагандысцкая. «Гэта фільм — помнік, фільм — элегія», — кажа спадар Расінскі. На ягоную думку, «Катынь», у якой ужываюцца ўрыўкі з савецкіх і нацысцкіх прапагандысціх стужак, паказвае прапаганду як напышлівую хлусьню. Хлусьня разбурае памяць і апявае гвалт.
«А гэты фільм — пакаяньне, — кажа А. Расінскі, — У ім спадар Вайда зьвяртаецца да сумленьня польскага народу, але гэта тычыцца й усіх нас».
Між тым, існуюць рэчыўныя доказы й дакумэнты (напрыклад, запіска Шэлепіна Хрушчову), якія могуць сукупна сьведчыць, што расстрэлы зьдзяйсьняліся паводле рашэньня асобай «тройкі НКВД СССР» згодна з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 г.
Вайсковая пракуратура РФ раней прызнала, што па рашэньнях гэтай «тройкі» былі вынесеныя сьмяротныя прысуды 14 542 польскім грамадзянам (у тым ліку і беларусам), што сьледзтвам напэўна устаноўленая гібель у выніку выкананьня вырашэньняў «тройкі» 1803 польскіх ваеннапалонных. Праўда, ня ўсе дакумэнты цяпер даступныя для грамадзкасьці. 22 траўня галоўная вайсковая пракуратура Расеі aдмовілася прадставіць матэрыялы справы пра катыньскія расстрэлы Хамоўніцкаму суду ў Маскве, дзе разглядаецца скарга сваякоў польскіх афіцэраў, расстраляных у 1940 г. Пракуратура патлумачыла, што дакумэнты ўтрымліваюць дзяржаўную таямніцу.
А вось «Белорусская военная газета» сьцьвярджае, што ў Катыні расстрэльвалі палякаў нацысты:
«У ведамстве Гёбэльса скемілі, што зьнішчэньне польскіх палонных можна выкарыстаць з карысьцю для сябе — скампрамэтаваць СССР у вачах хаўрусьнікаў, разыграць карту «абаронцаў заходняга сьвету ад бальшавіцкіх ордаў».
БВГ ведае, хто хоча пасварыць братоў‑славянаў:
«Зьніклы ў 1941 г. архіў смаленскага УНКВД … патрапіў у рукі амэрыканцаў, яго пачалі выкарыстоўваць у мэтах антысавецкай прапаганды. Акрамя таго, пры канцы 1991 г. робяцца даступнымі для махінацыяў расейскіх «дэмакратычных» гісторыкаў і архівы СССР».
Аднак пры канцы артыкулу аўтары «Капылу…» усё ж пярэчаць сабе:
«А тое, што вэрсія невінаватасьці фашыстаў у масавым зьнішчэньні палякаў сапраўды трызьненьне, відавочна: калі б чэкісты сапраўды задумалі зьнішчыць вязьняў, яны б адправілі іх эшалёнамі на Ўсход. Там праз тры дні дарогі пачынаюцца такія мясьціны, дзе сьведкамі маглі б стаць толькі мядзьведзі й магілы б не адшукалі і ў ХХІ ст… Спрабуючы замясьці сьляды, НКВД рабіў усё, каб месцы расстрэлаў засталіся невядомымі». комментарии: 1
Фэрэра-Вальднэр просіць перагледзець прысуд непаўналетнім 06/04/2008 - 00:09 / Радыё Свабода Камісар Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр асуджае вынясеньне прысудаў тром непаўналетнім грамадзянам Беларусі.
Пра гэта гаворыцца ў яе афіцыйнай заяве:
"Я асуджаю судовыя рашэньні, якімі М.Субач, П.Вінаград і М.Дашук былі прыгавораныя да абмежаваньня волі за ўдзел у мітынгу прыватных прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску. Гэтыя палітычна матываваныя прысуды зьяўляюцца сур'ёзнымі парушэньнямі фундамэнтальных правоў і свабодаў гэтых мірных дэманстрантаў. Я прашу аб пераглядзе іх прысудаў і заклікаю беларускія ўлады паважаць правы беларускіх грамадзянаў на сходы і свабоду выказваньня”.
У заяве таксама адзначаецца:
“Вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных, павага да права на сходы і свабоду сродкаў масавай інфармацыі, а таксама правядзеньне беларускімі ўладамі свабодных і справядлівых парлямэнцкіх выбараў могуць стаць неабходнымі жэстамі, якія б дазволілі Эўразьвязу даць пазытыўны адказ”. комментарии: 0
Курапаты: уганараваньне адбылося, затрыманы В.Сіўчык 06/04/2008 - 00:05 / Радыё Свабода Сёньня ва ўрочышчы Курапаты прайшла жалобная імпрэза, у часе якой адбылося ўганараваньне пераможцаў конкурсу "Мае фота – мае Курапаты".
20 гадоў таму, 3 чэрвеня 1988 году ў тыднёвіку "ЛіМ" быў надрукаваны артыкул Пазьняка і Шмыгалёва "Курапаты - дарога сьмерці". Да 20-годзьдзя адкрыцьця праўды пра расстрэлы ў Курапатах Радыё Свабода наладзіла конкурс "Мае фота – мае Курапаты". Сёньня ва ўрочышчы Курапаты прайшла жалобная імпрэза, у часе якой адбылося ўганараваньне пераможцаў конкурсу. Каардынатарка конкурсу – Ганна Соўсь.
Соўсь: "Я стаю побач з Крыжом Пакуты. З 250 здымкаў, якія былі дасланыя на конкурс, вельмі вялікая колькасьць - гэта здымкі гэтага крыжа. Тут каля сотні чалавек - гэта людзі, якія прыйшлі сёньня ў Курапаты з нагоды 20-й гадавіны адкрыцьця праўды пра Курапаты. Зараз адбываецца ганараваньне пераможцаў фатаконкурсу, прыз атрымаў Юрась Беленькі.
Жалобная імпрэза пачалася сьпяваньнем гімну "Магутны Божа".
Людзі ўсклалі кветкі, запалілі сьвечкі. Быў зачытаны ліст ад грамадзкага рэдактара фатаконкурсу, адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка.
У часе зачытваньня ліста адбыўся інцыдэнт, калі жанчына ўзьняла нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі ад яе згарнуць сьцяг, але той, тым ня менш, застаўся лунаць побач з Крыжом пакуты.
Пераважная большасьць прысутных – пераможцы фатаконкурсу, пануе жалобны настрой. Ангеліна Масюта была ўганараваная за актыўнасьць у фіксацыі Курапатаў і за фатаздымак "Сьнежныя Курапаты". Яна атрымала кнігу Зянона Пазьняка "Гутаркі з Антонам Шукелойцям", а таксама прыёмнік і чатырнаццаць кніг "Бібліятэкі Свабоды" ў PDF-фармаце, а таксама – усе фотаматэрыялы конкурсу на флэш-карце".
Масюта: “Я хачу сказаць словамі Васіля Быкава, што Бог узнагародзіў Беларусь тым, што ў яе ёсьць Зянон Пазьняк. Мы – шчасьлівыя людзі, беларусы, у нас ёсьць Зянон Пазьняк”.
Калі ўсе ўдзельнікі імпрэзы, у тым ліку пераможцы і журналісты, спрабавалі выйсьці праз тунэль пад менскай кальцавой дорогай, міліцыянты перакрылі ім рух. Яны паспрабавалі арыштаваць Юрася Беленькага ды іншых удзельнікаў імпрэзы.
Людзі спрабавалі адбіць Юрася Беленькага. Жанчыны заклікалі супрацоўнікаў МУС быць сумленнымі.
Юрася Беленькага міліцыянты спрабавалі пасадзіць у аўтобус, але яго ўдалося адбіць ад міліцыянтаў і пасадзіць у прыватную машыну, тая неўзабаве зьехала. Іншых удзельнікаў імпрэзы міліцыя не прапусьціла праз тунэль у горад. Яны вярталіся ў горад па праезнай частцы кальцавой дарогі.
Міліцыянты затрымалі Вячаслава Сіўчыка ў Курапацкім лесе, каля Крыжа Пакутаў. Сіўчыка трымаюць цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну. Міліцыянты адмовіліся назваць, паводле якога артыкулу на палітыка склалі пратакол і ў чым яго гэтым разам абвінавацілі. Заўтра Вячаслава Сіўчыка прывязуць у суд Менскага раёну. комментарии: 0